epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

А яшчэ у мяне...

...А над акном у мяне звонкі дамок:

На ліпе шпак месціцца.

А на ранку —

дзеці шпаковы песцяцца,

Збіваюць з галінак ліповы пылок.

 

А на палях у мяне — кожны дзень

Сонца лагодзіць жыты рослыя.

І звініць між сцяблінаў

цёплы прамень,

Як пакоціцца «шыць-палоць» у далі росныя.

 

А мой лес зеляніцца крохкім лісцём,

Гэтак многа ў ім сокаў з глыбінь сочыцца.

І жаваранкі трапечуць у небе —

іх крыльцам хочацца

Без спачынку трымцець над светлым жыццём.

 

А суседзі мае — ціхі, сонечны дзед,

А ў яго ўнучкі — гарэзы няўседлівыя.

І з ранку да вечара

задуменныя, ветлівыя

Чакаюць іх хлопцы, летуценячы ў свет.

 

А паўз дарог маіх касачы цвітуць.

Цвітуць,

каб юнакі тых унучак улесцілі.

А над дарогамі тымі птушкі лятуць,

Па пярынцы скідаюць

на падушкі нявесціны.

 

А яшчэ...

А яшчэ ў мяне спеў над сцежкай любой...

А яшчэ —

а яшчэ нясе радугу хмарка кожная...

А яшчэ —

а яшчэ ў мяне мара — такая прыгожая:

Колькі б часу ні жыў —

каб ішлі з душы словы гожыя —

Не спыняліся, не стамляліся

з маёй пахвальбой...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан