epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"А зоры зыркія ірдзяцца..."

А зоры зыркія ірдзяцца,

А песні з далечы плывуць.

Старым — юнацтва дні прысняцца.

А юных — мары пазавуць.

 

Старым пяюць аб даўнім зоры,

А юным — заўтра між тых зор

Ісці ў нязнаныя прасторы

Па трасах зорных непакор.

 

І ўсё ж — адзін і ўсіхны Млечны

Гарыць усім пароўну Шлях.

І сніцца ўсім адна нам вечнасць —

Матуляй

З думаю ў вачах.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан