epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Аб чым лес шуміць...

Чаму ты шуміш, цёмны лес, адкажы,

Старыя трывожыш камлі?

Даўно ўжо акопы і бліндажы

Травой паміж дрэў зараслі.

 

Даўно зацягнула смалой сцюдзяной

На волатах раны-рубцы,

На месца ж упаўшых усталі сцяной

Сыны іх — сябры-малайцы.

 

Краса навакол — я не бачыў нідзе

Такой у блуканні сваім.

Чаму ж ты шуміш ці то ўноч, ці то ўдзень,

Чаму ты шуміш і аб чым?..

 

— Аб тым і шумлю і сказаць хачу я,

Што смерць не скарыла мяне,

Што волатаў-дрэў непакора-сям’я

Да сонца ў блакіты імкне.

 

Аб тым і гамоніць на мове лясной

Маё маладое лісцё,

Што вечна мне цешыцца даллю зямной

І вечна мне славіць жыццё.

 

Яшчэ я гукаю падлеткаў сваіх,

Каб смела ўздымаліся ўвысь

І ўсталі над краем за волатаў тых,

Што ў буру тут палі калісь...

 

Шуміць цёмны лес. Без канца яго шум.

І я ад людзей не ўтаю:

Адну з яго шчырых няскораных дум

Пазычыў я ў песню маю...

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан