epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Аб чым ты, дружа..."

Аб чым ты, дружа,

Ў сне агнёвым трызніў?

Пра бой за вышыню

Ці аб дарагой вясне

На той зямлі,

Дзе лепш за ўсіх у свеце

Луг, і лес, і небакрай, і хмызнік

І дзе — ты гэтак верыў —

Нават смерць

Нас не разлучыць на вайне?..

Пра што, пра што,

Пра што ты зараз думаеш, мой дружа?..

З якою мрояй

Твар падставіў хмурна пад вятры?..

Калі цябе,

акрыўшы шынялём

ад золкай сцюжы,

Праносілі паміж зямлянак

Сумныя сябры?..

Звінела бель

Засіненай сярод хваін паляны.

Свяціла сонца —

Забівала вочы з самаробных партызанскіх

шыб..

І ўсім — чаму ён так гучаў?

Гучаў праз нашы слёзы

несціхана

Твой голас...

Як урачыста ён гучаў, твой голас,

Аб красе

тваіх сяліб!..

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан