epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ах, песні... Вы — мая уцеха..."

Ах, песні... Вы — мая уцеха.

І боль мой. І мая туга.

І ласка, і ўспамінаў рэха,

І прага жыць, пакуль мага.

 

Вы — лёс мой, ціхі, шчыры, просты.

Вы — мой узлёт і, мабыць, скон.

Даўно, даўно, пад спеў бяросты,

Я ў сэрца ўзяў ваш вечны звон.

 

Як лепшы скарб, бярог заўсёды

Жывую родную струну.

І — хай хоць буры, хай нягоды —

З абранай сцежкі не звярну.

 

Ці сум, ці радасць граюць трубы —

Са мной заўжды ваш вешчы знак!

Іду і бачу край свой любы —

Навек адзіны мой маяк!

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан