epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ах, залатыя, залатыя..."

Ах, залатыя, залатыя

Па пояс косы,

дзве касы,

Укрыйце, цёплыя, густыя,

Мяне ад золкае расы.

 

Ад злой укрыйце буры-сцюжы,

Ад сумных знічак на ляту.

І вочы я тады прымружу,

І ўбачу толькі дабрату.

 

І ласкай светлай, а не згубай

Пярун у небе запяе...

Укрыйце твар мне, косы любай,

Укрыйце, пахкія мае...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан