epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ад медуніц пылок жаўцявы..."

Ад медуніц пылок жаўцявы,

І сок барвяны ад ажын,—

Дзе быў ты, дзе спаткаў свой ранак,

Я, сынку, бачу, не кажы.

 

Я нават ведаю, чаму ты

Адзін яшчэ да сонца ўстаў,—

Хоць там, за вольхаю прыгнутай

Тваіх клапот не падглядаў.

 

Але, каб мог, як мог калісьці,

І я пабегчы басанож,—

З табой і я б там ладзіў выйсце

Крынічцы стомленай у Сож.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан