epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Адказ

Схіліўся ля пянька, нібы ў траншэі,

Ля трактара над сшыткам трактарыст.

І піша ліст.

Душы сваёй надзеі

Ён укладае сёння ў гэты ліст.

— Каханая!.. —

Ён пачынаў пісьмо,

А скончыў —

Нібы апала хмарка на траву...

— Калі хоць раз

Зірнеш другому ў вочы,

Дык так і знай — я не перажыву...

 

Ліст паляцеў

Праз стэп і цераз горы,

Знайшоў

Свой запаветны адрасат.

І вось дзяўчына

Пра сяброва гора

Чытае ліст

Употай ад дзяўчат.

 

Чытае ліст і думае дзяўчына:

Як адказаць,

Як даказаць яму,

Што ён — сярод усіх-усіх —

адзіны,

Што верная

Дзяўчына

аднаму?

 

Прыйшла дамоў,

Трывожна стала ў хаце.

— Пра што, скажы,

ты думаеш, дачка?..

Пра што?..

Хіба спытаць парады ў маці?..

— Ліст атрымала...

Ліст ад дружбака...

 

Паслухала старая, запытала:

— Кахаеш?

— Так...

— Дык што ж з табой рабіць?

Пісаць пісьмо —

па-мойму, гэта мала...

Я думаю —

вам трэба разам быць...

 

Матуля! Маці! З радасцю дзяўчына

Прыпала да матуліных плячэй.

Хутчэй збірацца!

Кожная хвіліна

Мне дорага цяпер!

Хутчэй, хутчэй!..

 

Я б расказаў — якія песні пелі,

Праводзячы дзяўчыну ў дальні край,

І думкі як хлапечыя ляцелі

За ёй — прыгожай, светлай — на Алтай.

 

Як там, у новым доме на Алтаі,

Вясельныя ўздымаліся каўшы...

Але мне кажа песня маладая:

— Нашто каўшы — пра сэрцы напішы,

 

Ты дружбу ўслаў юнацкую навечна,

Гукай усіх, каб вечна сярод нас

Вось так было:

Каб шчыры кліч сардэчны

Сабе знаходзіў радасны адказ!

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан