epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Адказ анкетам

Пытаюць анкеты:

калі я і дзе нарадзіўся?

Калі я вучыўся?

І з кім і калі ажаніўся?

Што там я рабіў

і чым тут я займаюся зараз?..

І строчыш адказы...

Старанна!..

Аж прэ з цябе пара...

 

Страчыў я адказы

дзесяткі разоў і спыніўся...

Няўжо гэта важна —

калі я і дзе нарадзіўся?

Калі я вучыўся

і з кім ажаніўся я потым —

Ці проста жаніўся,

ці меў напачатку залёты?..

 

А я ж праз жыццё ўсё

імкнуўся да нечага ўпарта,

Не раз сваё сэрца

кідаў на суровую карту,

На бой падымаўся,

каб краю здабыць перамогу,

Душой загараўся,

каб другу пазначыць дарогу.

 

Спыталі б, анкеты, хоць раз вы:

чаго я радзіўся,

Ў каго я вучыўся

і як, і чаму навучыўся.

Не чым я займаўся,

а для чаго я займаўся,

Што ўзяў я навекі

і з чым назаўсёды расстаўся!..

 

Мінула юнацтва,

ідуць мае ў сталасці леты.

А хутка і фініш...

Дык майце ж вы ласку, анкеты,

Пытаннямі нуднымі

болей мне сэрца не рэжце,

Хоць раз пашануйце

ва мне чалавека, нарэшце!

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан