epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Адкрывалі адну з крам

Адкрывалі адну з крам...

Узялі па колькі грам...

(Што за свята — ды без грам!..)

Ну, а з грамаў —

кілаграм...

А калі ўжо кілаграм —

Дык і выйшаў тарарам...

 

Раптам бухнула з вітрыны

З громам новенькае шкло.

Раптам хтось бутэлькай кінуў,—

Бы асколкамі ад міны —

Шась! — кагосьці апякло...

І паехала, пайшло,

Закіпела, загуло...

 

— Ах ты ж гэтакі ды гэткі!

— Ах, такі ты ды сякі!..

Там шкарпэткі, там сурвэткі,

Там бачкі, там чыгункі,

Там люстэркі, бранзалеткі —

Брынк! — ляцяць ва ўсе бакі.

 

Білі ўсё і без прынукі,

Што патрапіла пад рукі,

Білі, нішчылі, крышылі —

Ў добрай хлопцы былі сіле,

Смачна елі і пілі,

Ўсе асілкамі ўзраслі!

 

А праспаліся пад ранак —

От канфуз быў дык канфуз!

Што там болькі, што там раны,

Што там нейкі сіні гуз,—

Краму новую — вось гора,—

Што адкрылі толькі ўчора,—

Зноў надоўга зачыняй...

Ды рамонт распачынай!..

 

Адкрывалі адну з крам...

Узялі па колькі грам...

Што за свята — ды без грам!..

Ну, а з грамаў — кілаграм...

Хвацкі выйшаў тарарам!..

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан