epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Аднагодак Кастрычніка

Нікога яшчэ ў свеце не было,

Хто б гэтак проста, ясна, да драбніцы,

Як гэты мужны, смелы чалавек,

Запомніў дзень, якім ён нарадзіўся.

І ў гэтым яго першая прымета

Сярод усіх насельнікаў сусвета.

 

...Застава. Хмары цёмнае крыло

Над барыкадай.

Сіняй бліскавіцай

Гром на часціны цяжкі мур рассек,

Агонь зары над вуліцай разліўся,

Шугаюць над калонамі сцягі,

Іх чырвань аж паўнеба засцілае.

І маці шэпча: — Спі, мой дарагі! —

І да грудзей гарачых прыхінае.

А ён глядзіць. І ўжо ў яго вачах

Адбіўся стрэлаў водбліск, неба просінь,

І полымя, што плешчацца ў сцягах,

І фарбы, што дала таполям восень.

Праходзяць людзі. Ў сонечных праменнях —

Як быццам з бронзы — радасныя твары.

І словы не сціхаюць:

— З намі Ленін!

— Наперад!

— Гэй, смялей, таварыш!..

Рака кідае вал на берагі,

Ізноў грымоты, цяжкі посвіст кулі.

А маці шэпча: — Сыне, дарагі,

Там бой ідзе, там родны твой татуля...

І раптам падымае над сабой

Яго, свайго пярвенькага малога,

І, ў далі прасціраючы рукой,

Гаворыць цвёрда: — Вунь твая дарога!

Ідуць калоны. Ў сонечных праменнях —

Як быццам з бронзы — радасныя твары.

І над дарогай голас:

— З намі Ленін!

— Паперад, гэй, смялей, таварыш!..

 

*

Ніхто на свеце гэткага, як ён,

Не ведаў ні маленства, ні юнацтва,

Ніхто сабе так ясна не ўяўляў,

Як ён,

Якім ягоны будзе лёс

І што ён зробіць, сын, дзеля Айчыны.

І ў гэтым між усіх людзей сусвета

Другая яго слаўная прымета.

Пара дзетсадаўскіх вясёлых дзён,

Вучоба, піянерскія палацы,

Сцяжыны следапыта сярод траў,

Сем колераў вясёлкі ў кроплях рос,

Паходы з войскам Ігара былінным —

Было яго маленства.

З нараджэння

Жыла ў ім прага ўсё хутчэй пазнаць —

І сілу ясных сонечных праменняў,

І як у неба сіняе ўзлятаць,

І да сузор’яў вымяраць адлегласць,

І як багацці родныя злічыць,

І як абпальваць для палацаў цэглу,

І дзеля шчасця выкаваць ключы.

І клікала ад роднага парога

Удаль яго шчаслівая дарога.

Універсітэцкай дружбы час цудоўны,

Навукі глыбіня і хараство,

І першы брус ім выплаўленай сталі,

І першы рэйс на грозным караблі —

Было яго юнацтва.

Чарай поўнай

Ён піў жыцця шчаслівае пітво,

І для яго ўсе нівы красавалі,

І для яго

Усе сады цвілі.

Ён асвятляў парогі Днепрабуда

І на Палессі рэзаў чорны торф,

Вышукваў на хрыбтах уральскіх руды

І запускаў пад воблакі матор.

Капаў тунелі, вёў чаўны па рэках,

І вольная глядзела ўся зямля

З надзеяй на асілка-чалавека,

Якому бачны ўсе шляхі здаля.

 

*

Няма такога ў свеце абаронцы,

Як ён,—

Свабоды,

Радасці

І сонца.

І ў гэтым яго трэцяя прымета

Сярод усіх насельнікаў сусвета.

Калі на край, дзе ён у ласцы рос,

Насунулася з захаду навала,—

Падняўся ён на ўвесь магутны рост

З мячом, што Рэвалюцыя скавала,

І раскрышыў варожае крыло.

Ад гругання ў палях застаўся попел.

Падсечаныя, падаюць далоў

Аковы ў заняволенай Еўропе.

Ідуць удаль чырвоныя сцягі,

І чуе воін: над яго дарогай

Гаворыць слава:

— Сыне, дарагі,

Ісці табе ў стагоддзі з перамогай!

І ён ідзе, праслаўлены ў народах,

Кастрычніка вялікі аднагодак.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан