epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Адшчыравалі вясёлыя ластаўкі..."

Адшчыравалі вясёлыя ластаўкі,

Згаслі ўзвівы

далёкіх зарніц.

Пад гронкамі полымнымі

арабіна

Песняй-сказам

пра лета звініць.

 

Заспакоена,

як заўжды ад шчодрасці,

Кружаць пчолы

пад поўным вуллём.

І вавёрка

ніжа падасінавікі

На сучкі

над сваім жыллём.

 

Ціха ў свеце,

а рэха коціцца...

Што за рэха

ды ў светлай цішы?..

Паслухаеш —

а гэта ж водгулле

Нейкай стоенай песні ў душы.

 

Нешта нараджаецца

ў душы

светла-зорнае.

І хоць і не абудзіцца ўраз,

А не спыняецца,

а пад сонечнымі прасторамі

Бласлаўляе —

на добры час...

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан