epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Агонь

Паэма

Каўказ маўчыць пад полагам зары.

За міг да дня зямлі салодка спіцца.

Не шчоўкне ні каменьчык на гары,

Ні дрэўца не ўздыхне па-над крыніцай,

Ні птушка не ўзмахне тугім крылом,

Не плёсне ні ручай пад валуном,

Маўчаць цясніны, травам сонца сніцца.

І толькі ў вышыні, ля хмар ажно,

Прыкуты над бяздоннем да скалы,

Далёка ад братоў сваіх — людзей —

Не спіць адзін пакутнік усю ноч;

Ён думае, чагось чакае слых,

Шукае штось вачыма.

Гэта — Праметэй.

А хто такі ён, што за чалавек?

Хто асудзіў яго на цяжкі здзек?

Ён вырваў сілу з хіжых рук багоў,

З іх кузні ўзяў і даў братам агонь,

Агонь жыцця, каб шчасце адкаваць...

Сягоння Праметэю паміраць.

Бязлітасны і злосны боскі суд.

Б'юць у званы труслівыя багі:

А ці не слабыя ланцугі?

А ці не мала вызнаў ён пакут?

 

*

Звініць жалеза. Сумны Праметэй.

Але не смерці ён баіцца, не!

Што смерць? Ці ж чалавек яе міне?

Другая дума у вачах яго,

Глядзіць праз цемру ён кудысьці ўдаль,

Чагосьці не стае яму.

Чаго?

Яму братоў сваіх пакінуць жаль.

Што — як не вынеслі агню яны

На свет праз буру, цераз валуны?..

 

Каўказ маўчыць пад полагам зары.

Навокал ціша,— хоць рукой бяры.

Але чыё шугнула там крыло?

Нібыта наляцеў віхор на дол.

Усім цяжарам

проста над скалой

Павіс, як хмара цёмная, арол.

Ляціць драпежнік,

не на бой ляціць,—

Над чалавекам кару давяршыць.

 

З размаху люта ўдарыў першы раз

Ён кіпцюрамі ў грудзі бедака,

І здрыгануўся цяжка ўвесь Каўказ.

На скалы ірванулася рака,

Ад воблака,

што спала на вяршыні,

Ком слёз апаў, рассыпаўся ў даліне.

Арол адчуў крыві гарачай пах,

Заклекатаў, аж пер’і дыба сталі.

А чалавек...

З надзеяй у вачах

Усё глядзеў, чагось шукаў у далі.

 

У гэты цяжкі і жахлівы міг

Ён думкай быў

сярод братоў сваіх.

Уноў драпежнік крыллі распасцёр,

У нейкі міг падняўся вышай гор

І з цёмнай высі

кінуўся наніз,

У грудзі ўпіўся і на іх павіс.

І ў гэты час пачуў ён голас:

той,

Што ўсё маўчаў і ціха паміраў,—

Аж рэха загуло,—

так закрычаў.

Але то быў не стогн, не жальба, а

Крык радасці.

— Жывы! Жывы! —

Крычаў у свет, у далі Праметэй.

І раптам ацяжэлай галавой

Ударыў ненажэрнага арла

І ў вочы плюнуў згусткамі крыві.

Цяпер было герою ўсё адно:

Бо што шукаў вачыма ён даўно,

За што трывожыўся, што для яго было

Больш, як жыццё,—

цяпер ён знаў,— жыло.

Убачыў ён: за горамі, ўдалі,

Па роснай, па няворанай зямлі

Ішлі яго браты

і ў свет няслі

Агонь, які ён ім на шчасце даў,

І шлях прад імі ў стэпах

расцвітаў.

...Арол нанёс свой самы страшны ўдар

І ўжо глытнуў, здаецца,

сэрца кроў,

Ды ў гэты міг — як бліскавіца з хмар

Мільгнула;

па гарах — як гром прайшоў,

Змярцвеў арол, пападалі багі,

У бездань паляцелі ланцугі.

Маланкай

З Праметэевых грудзей

Жывое сэрца

вырвалася ў лёт.

Па свеце пранясло сваё цяпло

І там злілося з сэрцамі людзей.

 

*

Па-над сівымі кручамі Дняпра

Дзень нарадзіўся. Сонца узышло.

Дыміўся ў росах стэп; з сырых балот

Цягнула свежасцю;

у векавых барах

Святлела засень;

вёў падлеткаў лось

На вадапой;

пад сонцам спакваля

Уся наўсцяж збуджалася зямля,

І па яе бяскрайняй шыры скрозь

З вясёлым гоманам ішлі ўпярод

Асілкі-людзі, мужны смелы род.

Славянскі вымаў чуўся:

На руках

Былі ў іх векавыя мазалі,

Абветраныя твары — ў пісягах.

Відаць, няласкавы быў іхні лёс,

Нялёгкі шлях з пячэраў, з-пад зямлі

На шыр палёў, на прыдняпроўскі плёс.

Але цяпер няслі яны з сабой

Агонь жыцця,

і, можа, ў гэты міг

Упершыню і мара к ім прыйшла,

І песня ў сэрцы крылы падняла.

Шугаў агонь высока над зямлёй,

І каля вогнішча ўжо нехта з іх

Адклаў тапор каменны і між спраў

Упарта гнуць

жалеза спрабаваў.

Цяжкая праца. Першая з уцех.

Шугаў агонь. Звінеў вясёлы смех.

Ішоў з агнём звычайны чалавек.

І гэта пачынаўся

новы век.

 

*

 

Колькі ёсць у народа дачок і сыноў,

Столькіх можа зрабіць ён сваімі героямі,

Навучыць іх ісці

супроць грозных вятроў

І маланкі з душы

высякаць у баю,

І з вясной сябраваць

і не плакаць у роспачы.

І таго, хто ў змаганні і ў працы цяжкой

Самым здатным і смелым між слаўнымі

выдаўся,

Змог падслухаць, чым дыхаюць сэрцы

людзей,

І заўважыць, куды іх скірован пагляд,

І пазнаць іх жаданні

і словамі яснымі

Іх адвечныя мары і думы іх выказаць,

Народ сваім робіць абраннікам.

Ён дае яму зрок свой магутны, і слых,

І свой розум упарты, і сэрца вялікае,

І гарачую кроў, і спакойную ўпэўненасць.

І мільёнамі рук падымае яго

Над усёю зямлёй,

над сваімі галовамі.

— Паглядзі і скажы нам, што бачна ўдалі,

Што нам трэба зрабіць,

каб да шчасця дайсці свайго?

Абяры нам з усіх табе відных шляхоў

Самы просты, шырокі і сонечны

І вядзі нас,

і хай хоць і буры грымяць,—

Мы не спынімся, мы не пахілімся...

Вось чаму мы запомнілі ўсе на жыццё

Чалавека з працёртаю ўдалеч рукой,

Бачым мы, як сцягоў

калыхаецца полымя

Пад ягонай рукою і рвецца ў палёт,

Чуем мы, як гучаць

яго словы агністыя

І як ім адгукаецца

ясная будучнасць...

...Праметэй колісь вынес у людзі агонь

І пакінуў навекі. У змрочныя дні

Ён нат марыць не мог,

што з ім будзе, што станецца.

І народ толькі, мужны і смелы народ,

Змог пранесці агонь праз нягоды і ростані

І нідзе ані кроплі яго

не згубіць.

І, шукаючы выйсця

ў прасторы шчаслівыя,—

Сам рассеяў ён цемру над роднай зямлёй,

І драпежнікаў крыллі зламаў, і над пожнямі

Песняй працы гучаў, падымаў гарады,

Асвятляў сутарэнні, у медзі звінеў,

Цераз межы праходзіў, братоў акрыляў,

Што яшчэ ўсё марнелі ў палоне ў пачвар,

І збіраў у адну маладую сям’ю

Ўсіх, хто іскру змагання ў сэрцы насіў,

І скіроўваў іх думы і вёў іх у шлях

Да багацця і славы

пад сонцам свабоды.

 

*

Ты, што калісь назваў упершыню

Сваёй радзімай гэты край чароўны,

Чый звонкі кліч парушыў цішыню

Яго лясоў ад поўдня і на поўнач;

 

Хто першы кінуў зерне ў дол сухі,

Каб вырас колас між дубоў шумлівых,

Каб апасля з-пад простае сахі

Устала ў полі радасная ніва;

 

Хто першы дзіду вострую скаваў

У простай кузні, пад гамонку бору;

Хто ў першай бойцы

смела пастаяў

За лёс жыцця, за родныя прасторы,—

 

Калі б ты мог устаць у нашы дні,

Ты ўгледзеў бы такую прад вачыма

Красу, якой, быць можа,

нават і не сніў,—

І пакланіўся б новым дням Радзімы.

 

Ты пакланіўся б тым,

хто ў новы свет,

У свет, для новай славы збудаваны,

Вядзе той край, дзе ты пакінуў след,

Калі прынёс агонь у першы ранак.

 

Ты сёння шмат чаго б не зразумеў:

Жыццё другімі зроблена рукамі.

Але як шчыра працаваць умеў,

Дык ты плячо ў плячо

пайшоў бы з намі.

 

Ты навучыўся б з намі даставаць

Руду з глыбіняў, і каваць маторы,

І на шырокіх крыллях узлятаць

Ажно туды, дзе зацвітаюць зоры,

 

І для палацаў шліфаваць граніт,

І пракладаць шляхі праз акіяны,

І ажыўляць маўклівы малахіт,

І прабіваць праменнямі туманы.

 

І мы далі б табе душы сваёй —

Вялікае і светлае —

часціну,

І ты б усёй істотай і крывёй

Адчуў размах жыцця сваёй краіны.

 

Глядзі, якія ясныя шляхі

Адкрыты перад намі

і якія

Ідуць па іх асілкі-юнакі,

Ў вачах — агні і мары веснавыя.

 

Яны ідуць, і думкі іх лятуць

Усё далей у радасную яву,

Ім трэба ў шчасце першым зазірнуць,

У працы ўзвысіць бацькаўскую славу.

 

Але ім выпаў лёс не толькі ўзяць

І здзейсніць аж усіх стагоддзяў мары,

Ім выпаў лёс — у бітвах адстаяць

Красу жыцця

і знішчыць злых пачвараў.

 

Ім выпаў лёс праславіць у жыцці

Адважны род патомкаў Праметэя.

І рубяжы бяссмерця перайсці,

Калі прыйшла часіна грознай дзеі.

 

*

Світала. Па-над роднаю зямлёй

Стаяла ціша. Быў вакол спакой.

У люстрах рэк

пялёсткі зараніц

Плылі павольна;

на палях жыты

Купаліся ў тумане;

пах суніц,

Як мора, разліваўся па лясах;

Звінелі ціха на слупах драты;

І на шырокіх плошчах ў гарадах

Спакойна

калыхаліся сцягі.

А ля заходніх родных рубяжоў

Ужо гарэлі вёскі, гарады.

Сурова пачынаўся гэты дзень,

Драпежніка павіс над краем цень,

І ўжо нявінная лілася кроў.

Не разбудзіла маці, як заўжды,

Дзіцё ў калысцы;

не пайшоў касіць

З расой калгаснік;

у вачах вясны

Як бы парвалася якаясь ніць;

Дзяўчына не дасніла свае сны.

Яшчэ учора вечарам яна

На растанькі хадзіла,

з васількоў

Вянок пляла, чаборам заплятала,

Каханага пад вербамі чакала,

І доля ёй была яе відна,—

А толькі ноч мінула, ў вышыні

Паспелі толькі зоры пабляднець,

Раса апала на траву ледзь-ледзь,

Шчэ губы пацалункаў чулі жар,—

А ўжо як не бывала цішыні,

Як бы далёкай стала маладосць,

Як быццам не было дзявочых мар...

 

*

Няпрошаны стаяў прад намі госць.

«Адкуль ён? І чаго прыйшоў да нас?» —

Так думалі мы ўсе

ў суровы час,

Калі нас разбудзіў трывожны гром.

Але калі заслаў зямлю

пажараў дым,

Крыж чорны ў небе сонца засланіў,

І першымі ахвярамі ў крыві

Браты упалі нашыя,—

Ў той міг

Мы зразумелі ўсё...

Адчулі мы,

Што гэта наш адвечны вораг зноў

Ідзе нас разлучыць з жыцця святлом,

Нясе нам путы і бяздонне цьмы,

Ідзе забраць багацці нашых ніў

І вытравіць у сэрцы маладым

Свабоды дух,

што лёс вякоў жывіў.

І гэта падняло народ.

Народ,

Які ніколі голаў не схіляў,

Які нідзе набок не саступаў,

Калі настала грозная пара,

Устаў на бой

з адвагай змагара,

Сказаў сынам і дочкам пра іх лёс,—

І ў тыя дні ніхто не бачыў слёз.

Мы сталі ў строй.

Мы паднялі агонь,

Які служыў нам для жыцця,

Каб ім

Цяпер ліхіх чужынцаў спапяліць.

І ўжо ўзляцеў Гастэла над зямлёй,

І па-над краем бацькаўскім сваім

Пачварнага драпежніка скрышыў,

І полымем смяротным з вышыні

Упаў на зграю ворагаў шалёных...

У бітвах самай грознае вайны

Героямі зрабіліся мільёны.

 

*

Мы многае пазналі ў барацьбе.

Нам кожны дзень,

што пражылі мы ў міры,

Стаў даражэйшы ў тысячы разоў;

Як птушкі, мы ў бядзе шукалі вырай,

Але душа імкнулася дамоў;

Чым галасней гудзела непагода,

Тым большай была ўпартасць у народа,

І вочы, пасвятлелыя ў журбе,—

Хоць і няласкавай была ў нас доля,—

Усё ж Перамогу бачылі і волю,

Бо чулі мы сябе

вялікай сілы

Адзінымі на свеце ўладарамі,

Той сілы, што вякоў прыгнёт скрышыла

І нашы будні сонцам азарыла.

Не! Мы на хвіліну не былі

Пахіснуты ў сваёй вялікай веры,

Хоць права жыць

у шчасці на зямлі

І здабываў народ нялёгкай мерай.

Я ўспомню зараз тыя дні,

і зноў

Гнеў страсяне душу маю.

Такія

Краіне вораг жахі нёс, якіх

Ніколі не маглі мы дараваць.

Я чую звон фашысцкіх кайданоў,

Зноў бачу, як паўзе фашысцкі змей:

Калючы дрот, прасторы снегавыя,

Сядзяць нявольнікі, і сярод іх

Сястра мая. Дзяўчынка.

Не пазнаць

Ні стомленага твару, ні вачэй.

Як пчолка,

што ўляцела ненарокам

У хату з ветрам, спуджана аб шыбу

Ўсё б’ецца крыллямі,—

хоць бача вокам

Зялёны гай, і ціхую сялібу,

І кветкі ў садзе, і свой вулей родны,

А вылецець на волю не свабодна,—

Так бача дзеўчынка —

ёй дзевяць год —

Свой край бацькоўскі, і бары, і поле,

Дзе ласка у яе была і воля...

Усё ў яе чужынцы адабралі,—

І слёзы-росы ніжуцца ў каралі.

— Пусці! — крычыць дзяўчынка,

А над ёй

Звяруга-немец падымае бот.

Пачвара! Каб ён толькі разумеў,

Які тады ў нас нарадзіўся гнеў!

 

*

Ёсць маладосць у чалавека,

і яе

Жыццё для весняй радасці дае.

І мо страшней няма нічога ў свеце,

Чым бачыць,

як у цяжкіх ланцугах

Праходзяць пад штыкамі юнакі.

У твары б’е вільготны польны вецер.

І боль і крыўда свецяцца ў вачах.

Навокал іх азёры і стаўкі,

Ўсё роднае, загоны і прылессі,

І тут не скажаш — сум... Тут многа больш!

Тут мужнасць іх,

і просьба іх, і боль,

І мо няма страшней нічога

іхняй песні:

 

Як засвішча-зашчабеча ў лузе салавей,

На ракітавым кусточку седзячы,

Горкую каліну клюючы.

 

Як затужа-заплача хлопец малады,

На чужыну, у няволю ідучы,

Сваіх сяброў-таварышаў просячы:

 

— А скажыце ж вы татулечку майму,

Няхай жа ён усіх конікаў прадае

І мяне з няволі забярэ.

 

— Няма каму, наш ты братка, гаварыць,

Твой татуля у сырой зямлі ляжыць,

Чорным воранам паклёваны ляжыць,

А табе загадваў:

жыць — багатым быць.

 

Як засвішча-зашчабеча ў лузе салавей,

На ракітавым кусточку седзячы,

Горкую каліну клюючы.

 

Як затужа-заплача хлопец малады,

На чужыну, у няволю ідучы,

Сваіх сяброў-таварышаў просячы:

 

— А скажыце ж вы матулечцы маёй,

Няхай яна ўсіх каровачак прадае

І мяне з няволі забярэ.

 

— Няма каму, наш ты братка, гаварыць,

Твая маці ў сырой зямлі ляжыць.

Лютым ворагам загублена ляжыць,

А табе сказала:

жыць — здаровым быць...

 

Але няма больш грознай сілы ў свеце,

Чылі маладосць, якая з кайданоў

На волю вырвецца,

здабудзе зноў

І зброю, што належыць ёй па праву,

І славу, заўсягды жывую славу,

Яна без літасці ўсё знішчыць,

што

Нясе жыццю пакуту. І нішто

Яе не спыніць там, дзе сонца свеціць.

 

*

А родзіч наш нядарма нёс вякамі

Агонь для нас.

Нядарма Праметэй

Даў першы прыклад мужнасці і веры.

І мы жывую спадчыну бацькоў

Нядарма азарылі славай новай.

У грознай бойцы кожны сын народа

Героем стаў,

бо чуў ён у сабе

Святло жыцця і сілу пакаленняў.

— Агонь! —

адно гучала слова

І ў полі, дзе вірылася вайна,

І ў кузні, дзе кавалі людзі зброю.

Мы спапялялі лютых чужаніц,

З братоў збівалі ланцугі няволі,

Вярталі ім іх дужасць.

І дзяўчынку

Зноў сустракалі кветкі, і сады,

І ласка, і спагада, і цяпло.

І юнакі зноў бралі ў рукі зброю.

Той міг для іх

другім быў нараджэннем.

І калі ўстаў у бойцы сярод нас

Юнак, якога край назваў навекі

Матросавым,—

свет зразумеў, якой

Магутнаю непераможнай сілай

Валодае вялікі мой народ!

 

*

Матросаў! Пра яго па ўсёй зямлі

Цяпер, напэўна, складзены быліны.

А ён жа наш,

мы побач з ім ішлі,

Адны былі ў нас каскі, шынялі,

Адны у сэрцах думы пра Айчыну,

Ён рускі сын. Адной сям’і мы з ім.

Адной нас маці надарыла мовай.

Чаму ж нялёгка адшукаць так слова,

Каб аб салдацкім подзвігу суровым

Сказаць народу

гімнам веснавым?

Ці мо таму,

што подзвіг гэты быў

Такі, якіх жыццё яшчэ не знала?

Ці мо таму,

што ў громе барацьбы

Аб ім сама радзіма песню склала?

Ці мо таму,

што ў подзвігу ягоным —

Мы ўсе, жывых сяброў яго мільёны,

А пра сябе нялёгка гаварыць...

 

Але заўжды ён

прад вачмі стаіць,

Жывы, спакойны, як у тое ранне,

Калі прыйшла пара выпрабавання.

А потым — бой. Вось паднялася рота.

Пракладвалі мы шлях сабе агнём.

Але калісь адважны Праметэй,

Агонь жыцця здабыўшы для людзей,

Не змог, напэўна,

вырваць у багоў

Агонь пакуты.

І вось сёння зноў

Ён згубай стаў у ворага ў руках.

Гром крышыць дрэвы.

Выйшла смерць на шлях.

Праз цяжкі дым, над горкім палыном

У вочы б’е смяротная спякота.

І, можа, ў тое ж самае імгненне

Адно прыйшло да кожнага рашэнне,

Але ўстаў першым ён.

Рукой магутнай

Як быццам змёў захопнікаў з зямлі.

Крывёю, што бурліла ў мужным сэрцы,

Заліў агонь пакутнай злоснай смерці,

І сціхнуў гром. І далечы вясны

Адкрыліся прад намі,

і далей

Нямала вёрст мы апасля ішлі,

А ўсюды родны голас быў нам чутны,

І прад вачыма

ззяла ясным ззяннем

Кроў юнакова

на сцягах змагання.

 

*

Браты! Нам не забудзецца ніколі

Той час, калі

застаўся за плячыма

Бацькоўскі край, яго лясы і поле,

Яго лугі, і рэкі, і разлогі —

Усё, што мы завём сваёй Радзімай,

Усё, дзе праляглі для нас дарогі.

 

Над краем зноў цвіла

зара натхнення.

Зямля чакала мірнай шчырай працы.

А мы яшчэ ўсё йшлі у наступленне,

А нам народ загадваў не спыняцца.

 

І мы ішлі, і падалі аковы,

І вольнымі нявольнікі ўставалі,

І ім было жывое наша слова

Як песня, што ў жыцці даўно чакалі;

І мы давалі ім сваё дыханне,

І сэрцаў моц, і мар сваіх імклівасць,

Каб на суровым

полі гартавання

Яны ўзрасцілі лёс сабе шчаслівы.

 

І радасна ўздымаліся іх грудзі,

А мы дарылі ім святло Радзімы.

— Ідзіце і будуйце шчасце, людзі,

Глядзіце ўдаль свабоднымі вачыма.

 

І колькі ёсць краін, на ўсіх дарогах

Ўставала нашых дум і сэрцаў ззянне,

І, можа, самай большай

Перамогай

Вось гэта і было ва ўсім змаганні.

 

*

І ў гэтыя дні

Мой сябра, суровы танкіст,

З дарогі вайны

Паслаў

для патомка свой ліст:

 

«Мой шчыры дружбак,

Нашчадак вялікіх спраў,

Ці знаеш ты,

як

Я паміраў?

 

Чатыры гады

Залеў я на вёрстах дарог,

Гарэлі сады,

І дым іх на сэрца мне лёг.

 

Я попелам быў

І цэглай разбітых муроў,

Як рэха жальбы

Гучаў на жалейках бароў.

 

Ў крывавай раллі

Я жытам пабітым марнеў.

Гняла да зямлі

Ліхая нягода мяне...

 

Мой шчыры дружбак,

Нашчадак вялікіх спраў,

Ці знаеш ты,

як

Я ўваскрасаў?

 

Я знішчыў пачвар

Агнём — перунам не раўня,

Разбіў горы хмар,

Даў сонца для новага дня.

 

Я кветкай узрос

На сцежцы, дзе бура прайшла,

Лісцё для бяроз

Крыві маёй кропля дала.

 

Нанова ў палях

Я жытам высокім устаў,

У думках і снах

Як песня жыцця

прагучаў.

 

Мой шчыры дружбак,

Нашчадак вялікіх спраў,

Я ў громе атак

Жыццё для цябе зберагаў.

 

Ідзі ж і бяры

І лёс мой, і сэрца святло,

Палі і бары,

Усё, што мне сілу дало,

 

І помні сябе

Жыцця абаронцам заўжды,

Ці то ў барацьбе,

Ці ў плённае працы гады.

 

І помні: ў вяках

Ты слаўнае сілы ўладар,

Нясі ж яе ў шлях —

Для света —

як радасці дар!»

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан