epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Алёна (Паэма)

За нейкай мройнай

Сіняй рысай,

У нейкай яркай цемрыні,

Як здань,

мне светлы твар з’явіўся...

«Цярпі, мой родненькі...

Засні...»

 

І я заснуў...

Не, не!.. Я помню!..

Я не заснуў...

Я проста знік...

Я бег кудысь, імчаў нястомна,

Як ад зараду падрыўнік,

 

Што ўбачыў:

скончыў шнур дымецца...

Вось грымне выбух агнявы...

Адно ніяк не мог даўмецца:

Я мёртвы ўжо

ці йшчэ жывы?..

 

*

Пасля я «піць» стагнаў...

Хоць кроплю

Вады... Вады!... Яшчэ! Яшчэ!..

Пасля — зноў бег...

Дзівіўся: попел

Чаму мне ног больш не пячэ?..

 

Чаму ад вогнішча,

якога

Абняць і вочы не маглі,

Не засталося больш нічога,

Апроч як бліску на зямлі...

 

Апроч распаленага пылу,

Што ціснуў грудзі, біў у скронь?..

Пасля —

нашчэнт

за небасхілам

Зноў папяліў мяне агонь...

 

*

І ўсё ж я, пэўна, ўнікнуў смерці,

Шчаслівы ўдачай на вяку...

Бо неспадзеўкі...

Па-над сэрцам

Адчуў я нейчую руку...

 

І голас нейкі ў яркім промні,

У несканчонай цішы дня —

Прасіў мяне:

— Успомні, ўспомні...

Успомні — як тваё імя?..

 

Успомні,— ўпрошваў ён,— адкуль ты?..

Куды хоць вестку перадаць?..

І я —

гарачкава,

пакутна

Ўсё нешта сіліўся згадаць...

 

*

І я згадаў...

Мне ўстала ўзвышша...

Атакі бераг...

Чорны брод...

Сцяна разрываў...

Гром...

І —

ціша...

І над грудзямі — дол, як гнёт...

 

У вочы ўдарыў зноў шалёна

Агонь — пякельнаму раўня...

І ўспомніў я імя.

— Алё-на...—

Мне прашапталася імя...

 

— Алё-на! —

Свет увесь зялёны,

Здаецца, крыкнуў праз акно.

І я шаптаў: — Алё... Алёна...

Алёна...— Толькі ўсё адно...

 

*

Адно, адно на свеце слова,

Адно-адзінае імя —

Ўвесь дзень...

Вярнулася мне мова...

Ды гэта — ўсё,

Што ўспомніў я...

 

Я чуў — пыталі:

— Хто Алёна? —

Скажы, скажы нам —

хто яна?..—

Ды як за цяжкаю заслонай

Маўчала памяць...

Бы сцяна...

 

І як ні сіліўся, ні прагнуў —

Не мог я зрушыць той сцяны...

— Алё-на...—

То ад спёкі смягнуў...

То камянеў, што ледзяны...

 

*

І так з тым іменем дзявочым

Я жыў між небам і зямлёй.

З цярплівай стомай —

днём і ўночы

Стаялі людзі нада мной...

 

Я бачыў іх, калі вяртаўся

З гарачкі, быццам з небыцця...

Была

ў іх позірках

зямля ўся

Праменнай весткаю жыцця...

 

Я бачыў іх... Плылі, як цені...

Як жураўліныя ключы...

І жаль было,

што іх цярпенню

Не здольны я дапамагчы...

 

*

Пасля

ў дрымотных санвагонах,

Як нейкі цуд ці скарб які,

З дзявочым іменем — Алёна —

Мяне павезлі цягнікі.

 

Эвакастанцыі, шпіталі —

Няўзнак міналіся, бы ў сне...

Дзе ўжо нічога не пыталі,—

«Алёна!..» — клікалі мяне.

 

Гукалі сумна, ці ўлюбёна,

Ці нават з бояззю падчас...

І я шаптаў сваё «Алёна» —

Як звыклы, шчыры ўсім адказ...

 

*

Ажно край свету —

за Уралам

Ёсць гарадок: тайга і даль.

Куды, нарэшце, прыгайдала

Нас па чыгунках у шпіталь.

 

Былі ўсялякія — з калецтвам:

Хто без нагі, хто без рукі —

Між нас,—

як сорам чалавецтву —

У страшных ранах юнакі.

 

Былі такія, што чакалі:

Вось хвіля — і жыццё міне...

Але чамусьці

шкадавалі

Сярод усіх —

найбольш мяне.

 

*

Нібы прыйшла наперад чутка

Узрушыць той лясны куток,—

Каля мяне

стаяў у смутку

Мо ўвесь шпітальны гарадок.

 

Не, не бінты мае, не раны

Сабралі люд,— то бачыў я,—

А лёс мой дзіўны, нечуваны —

Маё дзявочае імя.

 

Стаялі, божкалі, тужылі,

І нехта войкнуў ад жанок:

— А што ж яны з табой зрабілі!

А як жа будзеш ты, сынок?!

 

*

І плакалі жанкі бясслёзна,

Усхліпы чуліся адны.

Увесь іх сум за час той грозны,

Усе іх болі ад вайны,—

 

Усё ў бядзе маёй паўстала...

Здаецца, крыкні я тады,

І гора горкае памалу

Ад іх адыдзе назаўжды...

 

А я ляжаў між іх, замглёны

Тугой душы...

Вачэй не ўзняць...

І што зрабіць я мог?

— Алё-на...—

Мог толькі ціха прашаптаць.

 

*

Настала скруха дзён шпітальных...

І колькі іх

мінула, дзён?..

Такіх звычайных, аднастайных,

Нібыта ўсе —

па самы скон.

 

Ужо на спад плыло і лета,

Уральскай спёкі мройны дым.

А я ўсё быў — жывым сакрэтам

З дзявочым іменем маім.

 

Глядзеў людзям пакутна ў вочы,

Як быццам з нейкаю віной...

Але аднойчы...

Ўноч аднойчы

Збылося вешчае са мной.

 

*

Аднойчы ў ноч

ад навальніцы,

Што цемру крэмсала ажно,

Прачнуўся я...

Ляжаў...

Зарніцы

Кідалі водбліскі ў акно.

 

Нібы не грозячы нікому,

Ўсё ж папярэджвалі здаля...

Ды раптам —

ад удару грому

Аж скаланулася зямля...

 

Пярун... як выбух...

і раптоўна

Агнём ударыла праз шкло.

І светлым нечым...

бліскаў поўным...

Знянацку сэрца апякло...

 

*

І ў светлым тым,

як светлы помнік,

Я ўбачыў постаць між людзей...

І сам сабою крык:

— Успомніў!.. —

Пякліва вырваўся з грудзей...

 

— Я помню ўсё!..—

Крычаў...

Спыніцца

Не мог —

бы цяжар спаў з плячэй,

Нібыта гнала бліскавіца

Сказаць усё, што знаў, хутчэй.

 

— Я помню ўсё!.. Завуць Алёнай

Яе!.. Яе на мне бінты!..—

Усім у той начы бяссоннай

Крычаў...

І з далечы ўлюбёна

Мне ззяла ты... Уся мне ты!..

 

*

Твае здалёк я ўбачыў вочы —

Няма ні ў кога

іх цяплей.

Твой воблік сонечны дзявочы —

Няма ні ў когачкі святлей.

 

Твой голас песенны, як гуслі,

Пачуў — няма

яго званчэй.

Твае, як матчыныя, вусны —

Няма радней іх, гарачэй.

 

Тваіх я рук адданых ласку

Адчуў, што мой сцішалі боль.

Тваёй душы пяшчоту-казку —

Такой няма на свеце больш...

 

*

Я ўспамінаў і да знямогі

Крычаў —

за ўспышкамі ў акне.

І ўсе, хто мог устаць на ногі,

З палат спяшалі да мяне.

 

Спяшалі глянуць, як на дзіва,

Што ўзнікла з водбліскаў начы,—

Дзяжурны ўрач,

такі шчаслівы,

За ім і іншыя ўрачы,

 

Нібы вось тут для ўсіх адразу

Святое нешта ажыло...

І я расказваў ім, расказваў

Пра ўсё, пра ўсё —

што як было...

 

*

Як біўся ў стогне груд ракітны.

Грымеў атакай дымны лог...

Як жэр агонь

Мой танк падбіты...

А я

ўстаць з полымя не мог...

 

І я чакаў свой міг апошні...

Ды нехта ўзнік у тым агні...

І ўзяў на рукі...

І трывожна

Мне праказаў:

— Цярпі... Засні...

 

І з губ маіх крыві салёнай

Спадала шорсткая кара...

— Цярпі... То я з табой... Алёна...

Мне чуўся голас.— Я... Сястра...

 

*

І я тады адплюшчыў вейкі

У свет, аглушаны пальбой.

І ўбачыў

сонечны навекі

Дзявочы воблік прад сабой.

 

Быў міг адзін,—

як знічкі зорнай

Пяклівы след,—

адзін быў міг! —

Я ўбачыў воблік непаўторны —

Больш у жыцця няма такіх!

 

Няма такіх, няма, не будзе...

Хоць пройдуць многія вякі...

Нідзе, нідзе, хай вераць людзі,

Не будзе сонечных такіх!..

 

*

Зямлю карэжыў, бы ўтрапёны,

Гром бою... Біў да нематы...

А ў чорным громе тым

Алёна

Мне клала белыя бінты.

 

Гарэў, канаў атакі бераг.

Мо стаў ужо й груган кружыць?

Ды я ў той міг

усё ж паверыў,

Што буду жыць,

што буду жыць.

 

Быў воблік сонечны са мною!..

Мяне далей ад смерці нёс...

Ды стаў раптоўна

над зямлёю

Прад намі выбух да нябёс...

 

*

І я заснуў... Не, не, ні блізка!..

Я не заснуў...

Я проста знік...

Я ўсё імчаў за нейкай рыскай,

Як ад зараду падрыўнік,

 

Што ўбачыў: зараз над загонам

Ускіне выбухам сцяну

Агню...

Паверце мне,

Алёну

Не пакідаў я там адну!..

 

Я проста ўсё шукаў адказу:

А дзе яна, а дзе яна?..—

Так я расказваў ім, расказваў —

Сябрам шпітальным —

давідна...

 

*

І кожны з іх

убачыў вочы —

Няма ні ў кога

іх цяплей.

Твой воблік сонечны дзявочы —

Няма ні ў когачкі святлей.

 

Твой голас песенны, як гуслі,

Пачуў —

няма яго званчэй.

Твае, як матчыныя, вусны —

Няма радней іх, гарачэй.

 

Дзявочых рук адданых ласку

Адчуў, што мой сцішалі боль.

Тваёй душы пяшчоту-казку —

Такой няма на свеце больш.

 

*

І кожны з іх

з тугой зайздроснай

Глядзеў у мройны далягляд.

І, воблік бачачы дзівосны,

Казаў:

— Шчаслівы ты, салдат!

 

І кожны —

як благаславёны

Тваёй душой

на радасць жыць,

Казаў: — Ідзі ж, знайдзі Алёну

І шчасцем, браце, даражы!

 

І кожны мне жадаў удачы,

Не шкадаваў мне дабраты...

І я пад бліск маланак бачыў,

Як рада ты, як рада ты...

 

*

Вось так тады — ў начы грамовай —

Я стаў ізноў сабой самім.

Нібы народжаны нанова —

Спаткаўся з іменем сваім.

 

Ізноў, ізноў я стаў салдатам,

Бывалым вежавым стралком...

Бывай жа, белая палата,

Мой дарагі часовы дом,

 

Хаця і ў ласцы і выгодзе,

Бывай, бывай, лясны куток!..

Праз дзень

на фронт мяне праводзіў

Мо ўвесь шпітальны гарадок.

 

*

Праводзіў з радасцю —

як сына...

Дарыў усмешак на гады...

— Глядзі ж там, родненькі!..—

Жанчыны

Асцерагалі ад бяды...

 

І я адказваў ім паклонам...

І не бянтэжыла мяне,

Калі з пяшчотаю:

— Алёна...—

Хто-небудзь зноў мяне гукне.

 

Я знаў:

Алёна — перамога

Для іх, і дзён іх, і начэй...

А мне,

а мне няма нічога,

Нічога ў свеце даражэй...

 

*

І вось і фронт... І тое ўзвышша...

Дзе бой грымеў па-над ракой...

Туга траншэй... Няпэўнасць цішы...

Трывожны пораху спакой...

 

Вось і сябры... Для абароны

Мацуюць дол, што грабары...

А дзе сястра?.. А дзе Алёна?..

Чаму маўчыце вы, сябры?..

 

...Алёна — блізка і не блізка...

...Адна навек і не адна...

Глядзі, браток...

Пад абеліскам —

Васьмёра мужных... І яна...

 

*

І вось пад зоркаю чырвонай

Стаю задумна над грудком...

Што ж ты маўчыш, мая Алёна?

Не сцішыш

болю майго ком?..

 

Што ж ты, скажы, не прычакала,

Ці ж здагадацца не магла?..

Мяне, як многіх, ратавала,

Сябе саму не зберагла...

 

Ляжыш пад коўдрай травяною,

Тужліва слухаеш лісты...

Хіба не знаеш —

што* са мною

Зрабіла, сонечная, ты?!

 

*

Няхай бы я ажно да скону,

Якая б сцежка ні была,

Насіў тваё імя, Алёна,

А ты жыла, а ты жыла...

 

Няхай бы мне і са слязою

І сум, і немач без надзей,

А ты б жыла —

сваёй красою

Павек прыгожыла людзей...

 

Няхай бы мне —

і ўсе напасці

З найгоршай доляю цяжкой,

А ты б жыла —

як вобраз шчасця —

Для ўсёй, для ўсёй сям’і людской...

 

*

Што ж мне цяпер рабіць, скажы ты?..

Аддаць імя тваё гадам?..

Не, не,

ў мінуласць, у нязбытнасць

Твайго імя я не аддам!

 

Тваё імя неразлучона

З маім, як будучынь мая...

Дзе ні пакліча хто — Алёна,—

Ўсім адгукнуся — гэта я...

 

Ці ў бітвах з ворагам сягоння,

Ці заўтра ў радасці зямной,

Заўжды імя тваё, Алёна,

Усюды будзе жыць са мной!..

 

*

З табою — хвіляю любою,

Каб людзі добрыцца маглі,

З табой, адданаю табою,

Ісці я буду па зямлі.

 

Вачмі тваімі, як сваімі,

Глядзець я буду ў родны свет.

Рукамі чыстымі Радзіме

Прымаць вясновы першацвет.

 

Душой тваёю, як сваёю,

Заўсёды ясніцца і днець...

Над роднай, любай стараною

Заранкай цёплай палымнець...

 

*

Стаю пад зоркаю чырвонай,

Па-над грудком зямлі нямой...

Як я хачу, мая Алёна,

Каб ты пачула голас мой!

 

Як я хачу, каб ты хоць зараз,

Пасля крыві, пасля трывог,

Пачула ўсё, пра што так марыў,

Пра што раней сказаць не мог,

 

Чаго раней сказаць не здолеў,

Чаго прамовіць не паспеў:

Што так бярог

з сардэчным болем

Адной, адной табе — мой спеў...

 

*

Хачу, каб знала, што не марна

Ў душу мне сонечна ўвайшла

І ўсю сваю самаахвярнасць

І вернасць ёй перадала.

 

Што ты жыла, жывеш і будзеш

Жыць, і праменіцца, і ззяць,

Пакуль жыве нам шчасце ў цудзе —

Аддана верыць і кахаць.

 

Пакуль нясе душа штодзённа

Агонь прызнання — праз гады...

Ты чуеш, любая Алёна? —

Адна —

цяпер і назаўжды...

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан