epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Алёнчына школа

ЧАСТКА ПЕРШАЯ
ЧАСТКА ДРУГАЯ
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ


Паэма

 

 

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Кожны год, як толькі ў долах

Зацвітае Сіці верас,

З мацярынскай ласкай школа

Расчыняе насцеж дзверы.

 

Расчыняе насцеж дзверы

Ды сваю сям’ю гукае:

— Гэй, сябры, гэй, піянеры,

Я вас зноў к сабе чакаю!

 

І тады не ціхне ў сёлах

Гоман дружны і вясёлы.

 

І ідуць яшчэ з дасвецця

Ў школу —

з яснымі вачыма

Шчаслівейшыя на свеце

Дзеці нашае Радзімы.

 

Як далёка ўдаль імкнуцца

Словы юнай песні звонкай!

 

А званчэй за ўсіх пяюцца

Песні радасці ў Алёнкі.

 

Ёй красу сваю Радзіма

Ўсю адкрыла прад вачыма,

Падарыла вёснаў сілу,

Дружбу верную і крылы.

 

І ў жыцці, з красы сатканым,

Сняцца ёй заўжды яны —

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны...

 

*

Знаю, нехта з вас захоча

Паглядзець на далі тыя,

Дзе цвітуць Алёнкі вочы,

Бы пралескі веснавыя,

 

Дзе грымелі буры-веі,

Дзе байцы ў баі хадзілі,

Каб збыліся ў вас надзеі

І жыццё дало вам крыллі,—

 

Дык ідзіце так:

Над Нёманам

Баравым дыхніце гоманам,

А з разбуджанага Свіцязя

Веснавой вады напіцеся.

 

Потым...

Потым па разлогах,

Па лугах, па лозах ніцых

Будзе весці вас дарога

На капыльскія суніцы,

 

На Дзяржынск у красках сініх,

На Сянно ў жытах высокіх —

Доўга ўсцяж

па ўсёй краіне

Будуць чутны вашы крокі:

 

Над шырокімі шляхамі,

У лясах па сцежках вузкіх...

Увесь адкрыецца прад вамі

Край наш родны беларускі.

 

Шыр лугоў, дзе звон крынічны

Пікі-вежы труб фабрычных,

Ды палі са збажыною,

Ды лугі ў высокіх травах —

Гэта й будзе той зямлёю,

Дзе мужнела наша слава.

 

І вось тут, куды прыйшлі вы

Праз палі па сцежках торных,

Над Сажом, Сажом вірлівым,

Што да мора гоніць бёрны,

 

Тут радзілася, ўзрастала

Наша дзеўчынка малая...

Вось ён, цёмны лес над галай,

Вось у вёсцы хата тая.

 

 

*

Але не, не тая гэта

Хата з смольнай сталяніцай,

Тую хату грозным летам

Падпалілі чужаніцы.

 

А другая хата гэта —

Хата новая,

Якая

Збудавана сельсаветам

Ў дні, як мір настаў для краю.

 

І чырвоны мак у мяце

Тут нядаўна ўстаў на градках...

Ды не будзем забягаць мы,

Ўсё раскажам па парадку.

 

Пра Алёнчыны малыя

Пра гады згадаем слова.

 

 

*

Дні маленства залатыя,

Дні ў апратцы каляровай,

 

Вашым марам, вашым песням,

Вашым сонцу і світанням,

 

Вашым краскам на прылессі,

Вашым казкам і паданням,

 

Вашым радасным прыгодам

Слава, слава назаўсёды!

 

Быў у нашае Алёнкі

Ясны шлях у ясным свеце.

Ад сасонкі

Да сасонкі

То ў вясне звінеў, то ў леце.

 

Дні за днямі,

Дні за днямі,

Год ад году,

Год ад году

Віўся ў полі каласамі,

На світанках ззяў у водах.

 

Вечарамі з тонь рыбацкіх

Кідаў песнямі у шыбы,

Раніцой будзіў знянацку,

Вёў за сонцам на сялібы.

 

Вёў на волю, за вароты,

Дзе навокал столькі дзіваў!

На Сажы мятуць чароты

Пену хваль

Кудлатай грывай.

 

Каля іх то плотка боўтне,

То вясёлку язь ускіне,

І гарлачык вокам жоўтым

Паглядае з гладзі сіняй.

 

А з якою сілай воды

Б’юць у бераг, рушаць камень,

Калі колы парахода

Прагрукочуць над вірамі.

 

Сож. Яе маленства рэчка.

Па баках калгаса поле.

Тут вось — лес, а там — мястэчка.

І навокала — прыволле.

 

Горда ўецца над ракою

Сцяг крылаты, сцяг чырвоны,

Кліча, кліча за сабою,

Надае душы разгону.

 

І так часта ажывае

Мара: ехаць...

— Чуеш, мама?

Маці шчыра суцяшае:

— Будзеш ездзіць ты таксама,

Толькі вырасцеш вялікай,

Дык усё сама аб’едзеш,

Будзеш нас у госці клікаць,

Сустракаць далёка недзе.

 

 

*

А яшчэ была такая

Радасць сэрцу немалая,

 

Калі часам маці скажа

Бацьку:

— Хай бы ты, Алесю,

Павадзіў дзяўчынку нашу

Па зямлі сваёй, па лесе.

 

Як заўсёды, ён, вядома,

Возьме з радасцю дзяўчынку.

І ідуць яны ад дому

Васільковаю сцяжынкай,

 

Крочаць з бацькам далей, далей.

Ён — ляснік, мясціны знае.

Дзе кражы сцяною ўсталі,

Глыбей лесам забірае.

 

Там, у гушчы, дзе між дрэваў

Звон рачулкі, птахаў спевы,

Хатка ёсць. Глядзіцца сонца

Праз лісцё ў яе аконца.

 

Не жыве ніхто ў ёй стала,

Толькі гнёзды пад страхою.

Але часта ў ёй, бывала,

Начаваў Алесь зімою.

 

Ды і летам пры выпадках

Ён, ляснік, тут жыў нярэдка.

І таму навокал хаткі

Быў заўсёды дол у кветках.

 

Тут, блукаючы дубровай,

Паляўнічы кут знаходзіў,

Лесарубы ў час зімовы

Спачывалі ў добрай згодзе.

 

У вясну, калі ў падсочках

Сосны ніцяцца смалою,

Тут працуюць аж да ночкі

Хлопцы дружнаю сям’ёю.

 

А ў час летні і дзяўчаты,

Што прыходзяць па суніцы,

Прыпыняюцца ля хаты —

З ручая вады напіцца.

 

Вось сюды Алёнка часта

З бацькам сцежкамі прыходзіць.

Між ялін густых, купчастых

Люба ёй тут на выгодзе.

 

Паміж дрэвамі мільгае

Яе сіняя хусцінка,

Зерне з шышак выбірае

Працавітая дзяўчынка.

 

На палянцы рассявае

Тыя вочкі-зерні з ласкай.

І лес песню ёй спявае,

Абяцае стацца казкай.

 

 

*

Перад ёй сяброўкі-сосны

Ўвысь ідуць наперагонкі.

Край наш родны,

Лес дзівосны,

Як ты любы для Алёнкі!

 

Кожнай хвіляю дуброва

Ёй нясе прьтгоду-ўцеху.

Вось яна сказала слова —

І пайшло па лесе

рэха.

 

— Та-а-а-та!

— А-а!..

Стаіць Алёнка,

Доўга слухае з усмешкай,

Як за словам наўздагонку

Пошчак коціцца па сцежках.

 

Дзесьці ходзіць, то сціхае,

То пачуецца нанова.

Вось жа сіла ў іх якая,

У яе звычайных словах!

 

А татуля навучае:

— Гэта ў лесе так заўсёды.

Слова тут бы крылы мае,

Не страчае перашкоды.

І калі якой парою

Ты заблудзішся няўрокам,

Дык гукні — і над зямлёю

Пойдзе голас твой далёка.

 

Рэха будзе слацца громам,

І табе на дапамогу

Я прыйду,

І мы дадому

Знойдзем простую дарогу.

 

 

*

Так, бы птушка-гаварушка,

Нібы кветка ў родных долах,

Узрастала іх дачушка

І прыгожай і вясёлай.

 

Вочы — быццам васілёчкі

З яе вышытай сарочкі,

Твар — як сонца, прамяністы,

Косы — лён кужэльны, чысты.

 

Не сануляй, не пястушкай,

Не патворай ганарлівай,

А ўдалася іх дачушка

Працавітай і руплівай.

 

Заўсягды сабе

Ці ў хаце,

Ці на полі знойдзе справу.

А душа была ў дзіцяці

І чуллівай і ласкавай.

 

Нат сцяблінкі патаптанай

Абмінуць яна не ўмела,—

Будзе шчыра і аддана

Даглядаць, каб не хварэла.

 

А калі вады напіцца

Падарожны ў хату зойдзе,—

Пабяжыць з карцом к крыніцы,

А пасля і хлеба знойдзе.

 

І аж цёпла ў сэрцы стане

Чалавеку: от старонка!..

Так,

Бы зорка на світанні,

Падымалася Алёнка.

 

ЧАСТКА ДРУГАЯ

Хутка ў сказ кладуцца словы,

Але дні хутчэй мінаюць.

З вёсен ясных, зім суровых

Нам гады

Жыццё складаюць.

 

Сёмы раз перад Алёнкай

Прагулі завеі ў полі.

Снег дыміўся над палонкай,

Маразы

Ільды калолі.

 

Вецер выў на снежным грудзе,

Біла непагадзь цяжкая.

І здавалася: не будзе

Ні канца зіме, ні краю.

 

Але вось снягамі з гулам

Поле к рэчцы шуганула.

 

Ледаломка-трасагузка

Крыллем грукнула па лёдзе.

І Сажу ў ручве ўжо вузка,

І найшоў ён па свабодзе.

 

Колькі дзён тых, а як слаўна

Воблік свой змянілі далі.

Хто б паверыў, што нядаўна

Тут кругом снягі ляжалі?

 

У палях прайшлі барозны —

Першы вынік рупнай працы,

І, як кожным годам,

розна

Дрэвы сталі распускацца.

 

Быццам чуючы пагрозу,

Гоніць ліст вярба, спяшае.

А вунь там ужо бяроза

Хустку з зелені ўскідае.

 

А за ёй кляны і вязы

Паднялі агні-кліночкі.

Толькі дуб не мог адразу

Скінуць леташняй сарочкі.

 

Вось вятрам была дзе воля!

Доўга дуб — відаць, ад болю —

Над зямлёй шумеў і шастаў

Буйным голлем пакручастым.

 

Ды праз час на плечы новы

Цяжкі плашч і ён ускінуў.

Зеляней, мая дуброва,

Прыгажэй, куток гасцінны!

 

 

*

А Алёнцы, як нікому,

Гэтай новаю вясною

Было шчасна.

Ўсім знаёмы

Восьмы год стаяў прад ёю.

 

Восьмы год. Каму не сніцца

З год малых ён ночкай кожнай,

То ласкавы, то як быццам

І сур’ёзны і трывожны?

 

Але як бы ён ні сніўся:

Ці захмураны, ці з жартам,

А заўсёды ён садзіўся

З кожным з вас

За школьнай партай.

 

І вучэння таямніцы

Адкрываў па кнізе першай,

Вёў па свету праз граніцы,

Захапляў вас песняй, вершам.

 

Часта бегала дзяўчынка

На сяло, пад вокны школы.

Там гучаў на перапынках

Піянерскі спеў вясёлы.

 

Школа! Тваёй ласкі-дзіва

Рупна дзеўчынка чакала,

І настаўнікаў шчасліва

На сяле яна вітала.

 

Дзень настане вераснёвы,

Сядзе дзеўчынка за парту

І настаўнікам дасць слова

Добрай быць, вучыцца ўпарта.

 

*

Быў лагодны ясны ранак

З туманом, што ў лузе плаваў,

З посвістам сініц-вяснянак,

З росамі

На буйных травах.

 

Набухалі травы сокам,

Пчолы неслі мёд у соты...

А той хвіляй

Дзесь далёка

Ужо слаліся грымоты.

 

 

*

Чэрвень. Ранак. Хто падзівіць

На звычайны гром?

Магчыма,

Гэта выпаў дзесьці лівень

Над прасторамі Радзімы?

 

Але не! Не цёплы лівень

Паліваў палі Радзімы,

А ішоў па нашай ніве

Вораг з прагнымі вачыма.

 

Чорны крыж навіс над краем...

Гул бамбёжак

Нечуваны...

І зямля ўжо дзесь палае,

І пякуць

На сэрцах раны.

 

Грозны час!

Трывогі поўны,

Але мужны і суровы,

Бараніць свой край цудоўны

Падымаўся люд.

 

З дубровы

Апаўдні прыйшоў дахаты

І Алёнчын бацька. Колісь

Рэвалюцыі салдатам

Быў ён, і сягоння з болем

 

Небяспеку чуў душою

Для сваёй вялікай волі,

Для жыцця свайго, якое

Паднялося ў шчаснай долі.

 

З даўніх год ляжала ў хаце

Гімнасцёрка ў скрыні белай.

І яе дастала маці

І спыталася нясмела:

 

— Пойдзеш?

— Так, пара ў дарогу.

Трэба ў лес — загад раёна.

Ты ж, матуля, кінь трывогу...

Бацька глянуў улюбёна...

 

Тых кароткіх слоў Алёнка

Не зусім і зразумела.

Цэлы вечар яна звонка

Татку ў хаце

песні пела.

 

Казкі ўсе пераказала,

Што з ягоных вуснаў чула,

Ад сябе не адпускала,

На руках яго заснула.

 

Але ён пайшоў. І ўчула

Горкія дзяўчынка слёзы.

А над вёскай

З цяжкім гулам

Праплывалі бамбавозы.

 

І дзяўчынка каля вокан

Толькі ўдзвюх цяпер з матуляй.

— Дзе наш татка?.. Ён далёка?..

Можа, там, дзе гром і кулі?..

 

 

*

А затым ізноў у працы

Дні пайшлі, хоць і ў трывозе:

Жыта стала налівацца,

Сена высахла на лозе.

 

Людзі дбайна працавалі,

Зноў спакойных дзён чакалі

Ды казалі між сабою:

— Не, фашыст не пройдзе хіжы!..

І хаця

Грымоты бою

Што ні дзень — былі ўсё бліжай,

 

А ніхто зусім не думаў,

Што так хутка,

Што так скора

Вораг прыйдзе з крыўдай, з глумам

На калгасныя прасторы.

 

 

*

Неяк раз у вечар ясны

Сціхнуў гром, што чуўся ў далях,

Толькі мора

Ніў калгасных

Ціха ветры калыхалі.

 

І прайшлі два дні, і трэці

Ўстаў над доламі ў спакоі.

І здалося ўсім,

Што ў свеце

З сілай скончана ліхою.

 

Маці раніцай сабрала

Бацьку полудзень: паклала

Сала ў кайстру, мёду, хлеба,

Каб не меў Алесь патрэбы,

 

Расказала і паслала

Да татулі ў лес дзяўчынку.

— Будзь жа пільнай,— наказала,—

Ды трымайся ты сцяжынкі!

 

— Добра, мамачка! — Алёнка {Алёыка

Адказала маці звонка

І дуброваю наўзгадкі

Да лясной пабегла хаткі.

 

І як радасна сустрэлі

Нашу дзеўчынку паляны!

Ясна ягады гарэлі,

Звон ёй чуўся берасцяны.

 

Посвіст івалгавы клікаў

Да густых бяроз, у засень,

І з травою павілікай

Сцежка ёй адной вілася.

 

 

*

Вось і тая ў лесе хатка.

Бацька дзеўчынку цалуе.

А яна: «Ты снедай, татка!» —

Запрашае і частуе.

 

А далей ёй не сядзіцца.

Лес! Тут столькі

спраў чароўных!

Спелай ягады суніцы

Назбірала кошык поўны.

 

У гняздзечку птушанятак

Паглядзець ізноў схадзіла,

Паліла дубок ля хаты,

Што вясной перасадзіла.

 

Многа ёй у лесе працы,

Ды пара дамоў збірацца.

 

Сонца ў сініх неба стромах

Да заходу павяртае.

Значыць,

ёй пара дадому.

— Што ж, бяжы, мая малая!

 

Хуценька бяжы, Алёнка!..

І з дзяўчынкаю на сцежках

Зноў гуторылі сасонкі,

Размаўлялі сыраежкі.

 

І ці доўга, а ці мала,

Не заўважыла дзяўчынка,

Паміж дрэў

яна блукала,—

Час ёй здаўся за хвілінку.

 

Толькі раптам,

быццам з хмары,

Перуновы ўчуўся лёскат,

І да лесу дым пажару

Цераз лог паплыў ад вёскі.

 

 

*

Сэрца ёкнула: дадому!

Б’юць лісты крушыны ў вочы.

Што з ёй будзе — невядома,

Страшна ў лесе — як уночы.

 

Вось і лесу край. Адгэтуль

Як рукой падаць да хаты.

Але дзе ты, хата, дзе ты?

Дым

Над ёю

Клубаваты.

 

І далей сяло палае.

Пыл і грукат над дарогай.

І нідзе не заўважае

Вока з родных анікога.

 

Не, няма ёй ходу далей.

А ўжо цёмна, сонца села.

І ў вачах яе ад жалю,

Ад трывогі пацямнела.

 

Вочы плачуць:

як дайсці ёй

Да бацькоў парой такою?

Людзі злосныя, чужыя

Засланілі свет прад ёю.

 

 

*

Толькі лес сваёй гамонкай

Суцяшае боль памалу.

І згадала з ім Алёнка,

Словы бацькавы згадала.

 

Рэха!

Рэха, памажы ёй,

Памажы знайсці дарогу!

І праз зараслі густыя

Пакаціліся з трывогай

 

Словы клічу. Сціхла сэрца.

Як ёй родны лес адкажа?

Але вось па-над азерцам,

З ночы цёмнае, бы сажа:

 

— А-а-а! —

ляціць па-над сцяжынкай,

— А-а! —

то сціхне, то ўзмацнее.

І бяжыць, бяжыць дзяўчынка

Сярод ціхіх дрэў з надзеяй.

 

Так па месцах незнаёмых

Доўга бегла, ног не чула.

Але хутка ўпала ў стоме

Каля дрэва і заснула.

 

 

*

Спіць. І сніцца сон Алёнцы.

Сніць сябе яна вясною,

І ў руках нібыта сонца

Хтось трымае па-над ёю.

 

Хто? Яна зусім не знае.

Але як ёй добра зараз!

Нат слязінка зацвітае

Краскай весняю на твары.

 

Ззяе, свеціцца слязінка,

І чуваць Алёнцы словы:

— Не сумуй, мая дзяўчынка,

Прыйдзе ўсё к табе нанова.

 

Вось ты бачыш, як палае

Гэта сонца над табою?

Дык бяры, мая малая,

І нясі яго з сабою.

 

З ім мінецца гора-ліха,

Будзе шчаснай зноў старонка!..

— Дзякуй, татка! — кажа ціха

І здзіўляецца Алёнка:

 

А чаму ёй бацькам родным

Здаўся той, каго не знае?

І яна на свет лагодна

Раптам вочы падымае.

 

Хто ж прад ёй,

перад малою?

Чалавек стаіць прад ёю,

Чалавек трымае зброю

Дужай, моцнаю рукою.

 

Чалавек — савецкі воін —

Нахіліўся па-над ёю.

І здаецца ён бясконца

Дарагім,— у яго словах

Быццам чуюцца Алёнцы

Галасы бацькоў з дубровы.

 

 

*

...Ноч мінала. Новы ранак

Змрок ужо зганяў з палянак.

Ды не ведала Алёнка,

Што ў бары, дзе дол крынічыць,

Між густых сасонак гонкіх

Яе родны бацька кліча.

 

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

Ля азерца, дзе дубамі

Атулілася палянка,

Ціха курыцца дымкамі

Партызанская зямлянка.

А ручай прайдзі па кладках —

Леснікову ўбачыш хатку.

 

Праз гушчар

Ва ўсе мясціны

Ад яе вядуць сцяжыны.

Партызанскія дарогі

Берагуць спакой паляны.

А на час якой трывогі

Два чаўны ў хмызняк схаваны.

 

Самы просты — шлях азёрны.

Не паспееш глянуць вокам —

Вёслы ўдараць зладна-спорна,

І ўжо човен дзесь далёка.

 

Ён ляціць на Сож,

Крылаты,

Там і сям стралой мільгае,

І гавораць аўтаматы,

Дзе іх вораг не чакае.

 

Хто ж тут ёсць? З якой старонкі?

Многа іх, сяброў, ці мала?

Многа.

І між іх Алёнка

Шмат каго б у твар пазнала.

 

Перш за ўсё яна б пазнала

Тых, з кім у лапту гуляла.

 

Не байцы яны,

Ды з імі

Стала тое, што і з ёю:

Як яна,

Яны малымі

З цішай звыкліся лясною.

 

Стаў ім лес утульнай хатай,

А атрад — сям'ёю шчырай.

Іх бацькі цяпер — салдаты,

Радавыя, камандзіры.

 

У вачах людзей суровасць,

Поступ цвёрды, як сталёвы.

Цяжка ў засені дубровы

Распазнаць дзядзькоў вясковых.

 

 

*

Тут і ён, з народам дружны,

Наш ляснік, змаганец мужны.

 

Быў ляснік ён добры, дбалы,

Родны лес бярог для краю,

А цяпер пара настала —

Яго лес аберагае.

 

Лес людзей аберагае

Для змагання, для адплаты,

А ляснік мясціны знае,

Будзе добрым ён салдатам.

 

Ён знаёмы з кожнай меткай,

Кожны шолах лесу чуе,

З партызанскаю разведкай

Робіць справу баявую.

 

Тут і маці з ім заўсёды,

І сама яго ў паходы

Выпраўляе рупатліва.

— Каб жа ўсё было шчасліва.

 

Скажа так і голаў звесіць.

Сум жыве у сэрцы маці.

Не бяда, што жыць у лесе

У лясной ім трэба хаце,

А бяда ў яе другая:

Дзе дачушка дарагая?

 

Колькі дзён па лесе ходзіць

Бацька ды дачку шукае.

Супакою не знаходзіць:

Дзе дачка яго малая?

 

 

*

Дзе ж яна? Што стала з ёю?

А яна дзесь над ракою,

Уцякаючы ад стрэлаў,

Бегла, покуль сілы мела,

Азіралася наўкола

І, не ўчуўшы бацькаў голас,

 

На мясціне незнаёмай

Як упала нерухома

Ля сасны ў траву-расянку,

Так і спала да світанку.

 

Сон свой бачыла Алёнка,

Сонца-шчасце сваё сніла,

І ў здзіўленні пад сасонкай

Вочы ясныя адкрыла.

 

Ноч прайшла, і ў сне забыцца

Пра жуду яна паспела.

Зараз бы з карца памыцца,

Ручніком уцерцісь белым

 

І адчуўшы ў сэрцы радасць,

Што зноў сонца, свет той самы,

Борзда выбегчы на грады

Ды гукнуць:

— Я ўстала, мама...

 

Але глянула навокал,

І прачнуўся боль нанова:

Незнаёмая высока

Па-над ёй шуміць дуброва.

 

Як націнка, як расінка,

Адзінока тут дзяўчынка.

Паміж дрэў яна ступае,

Слёзы горкія глытае.

 

Што рабіць ёй? Сэрцу млосна...

Ні бацькоў, ні роднай хаты...

Так ідзе... Ды паміж соснаў

Голас нечы:

— Стой! Чыя ты?

 

І адкрыўся перад ёю

Дол счарнелы — поле бою.

 

Як шкілеты, на прылессі

Тры фашысцкія машыны.

Горкі пах наўсцяж разнеслі

Дагараючыя шыны.

 

Хтосьці ласкавай рукою

Прыпініў яе:

— Куды ты?

Не палохайся, малое,

Твае ворагі пабіты...

 

Над дзяўчынкай —

абаронцы

У салдацкіх гімнасцёрках,

І гараць, гараць пад сонцам

На пілотках іхніх зоркі.

 

*

Моўчкі слухалі салдаты

Сказ малой пад пошум дрэваў.

І гукала іх адплата,

Закіпалі сэрцы гневам.

 

Многа дзён яны з баямі

Ўсё ішлі на ўсход Радзімы,

Ім вайна па-над палямі

Засцілала сонца дымам.

 

На руках няслі героі

Праз баі свайго маёра,

Чыё сэрца маладое

Многа выведала гора.

 

Над далёкім сінім Бугам

На задымленых руінах

Страціў ён і жонку-друга

І свайго малога сына.

 

Не, не куля, што засела

У назе,

Яго турбуе,

Мужны ён салдат і смелы,

Раны ён сваёй не чуе.

 

А баліць душа па сыну,

Што пад бомбай злёг навекі,

Не пабачыўшы краіну —

Яе нівы, сцежкі, рэкі.

 

І ляжыць маёр пад дубам,

Моўчкі слухае Алёнку.

Дарагі яму і любы

Гэты шчыры голас звонкі.

 

— Што ж, дзяўчынка,

— ён ёй кажа,—

Не бядуй ты, не журыся,

Усё зробіць сям'я наша,

Каб бацькі твае знайшліся.

 

 

*

У маёра на планшэце

Карта з рознымі значкамі.

Ўся зямля тут на прыкмеце,

І з лясамі і з палямі.

 

Доўга з думай нетаропкай

Камандзір сядзеў над картай

І сказаў:

— Вось тут і кропка...

Тут, сябры, спыніцца варта...

 

Ёсць тут дзесьці партызаны.

Знойдзем іх. Загоім раны.

А тады...—

Маёр прыўзняты

Гнеўны рух зрабіў рукою.—

А тады, фашыст пракляты,

Мы разлічымся з табою!

 

Схову ў лесе для маёра

Падабралі неўзаметку

Змагары-байцы і скора

Падаліся на разведку.

 

Між галля ледзь відна хатка —

Камандзірава палатка.

Ходзіць варта без спачынку,

І з той вартаю дзяўчынка

Кожны дзень байцоў чакае,

Камандзіра даглядае.

 

Часам ён на ногі ўстане,

Пахіснецца, як былінка.

— Асцярожна, дзядзя Ваня! —

Ля яго заўжды дзяўчынка.

 

Хоць яе рука малая —

Ненадзейная апора,

Ды як сілы прыбаўляе

Для яго яна, маёра!

 

Так здружыўся ён з малою,

Быццам з роднаю дачкою!

Не, маёру не забыцца,

Як яна за ім хадзіла,

Як яго вадой з крыніцы

Чыстай, сонечнай паіла.

 

Каб хутчэй устаў ён,

раны

Абмывала, даглядала

І суніцамі з паляны

Кожны ранак частавала.

 

І маёр штораз прыгорне

Да грудзей сваіх малую:

— Не журыся,

сум твой горны

Я душой таксама чую.

 

Ведай: час не за гарамі —

Ты сустрэнешся з бацькамі.

А ўзмацнее навакола

Наша армія лясная,

Прыйдзе час —

адкрыем школу

Мы для вас, мая малая.

 

 

*

І Алёнка зноў чакала,

Ды ўжо меней сумавала.

 

Дзень настаў.

Якаясь сіла

Падняла яе да сонца.

Ці яна сябе прысніла

Ў роднай хаце ля аконца?

 

Ці што з ёю адбылося?

Што ж так сэрцайка зайшлося?

Блізка дзесь такі знаёмы

Яна раптам голас чуе:

— Вам, як бацьку дарагому,

Дзякуй за дачку малую!

 

Аглянулася — пазнала,

А як быць далей — не знае.

А яму ўжо шчасця мала,

Ён у вочы заглядае,

 

Ён бліжэй да сэрца туліць,

Ён цяпер такі багаты!

А яна адно: «Татуля...

Мой ты любы, мой ты тата...»

 

І былі байцы за сведкаў

У шчаслівай гэтай хвілі.

Недарма яны ў разведку

У дрымучы лес хадзілі.

 

Будуць сілаю з’яднанай

І байцы і партызаны,

Будуць ведаць ласку дзеці,

Шчаслівейшыя на свеце!

 

У маёра серабрацца

У вачах як бы расіны...

— Што ж, сябры, пара збірацца,

— Не кароткія сцяжыны...

 

Да азёрнае стаянкі

Ўсім Алесь дае напрамак.

— Наша мама партызанка?

Тата! Нас сустрэне мама?

 

— Так, дачушка, як жа йначай!

Маці там, цябе чакае.

Як сустрэне, як пабачыць,

Будзе радасць ёй якая!

 

 

*

Дзе ляшчэўнікам, дзе борам,

Так, каб лепш было маёру,

Напрасткі ішлі салдаты

Да лясной знаёмай хаты.

 

А пад вечар — што з ёй стала? —

Аж уся затрапятала,

Засмяялася Алёнка,

Загукала звонка-звонка:

 

— Татка! Татка!

Наша хатка!

І наўсцяж на звонкі голас

Адгукнуўся лес наўкола.

 

Маці тут ужо

малую

Абдымае і цалуе

І маёру, так як брату,

Зычыць радасці багата...

 

Прыняла сюды дуброва

Ўсіх Алёнчыных сябровак.

 

Тут і хлопцы-аднагодкі

Ў старых бацькаўскіх пілотках,

З ласкаю

глядзяць у вочы,

Пастаяць з ёй кожны хоча.

 

Партызанак, партызанаў —

Аж запруджана паляна.

 

Ля маёра гуртам людзі,

Галасы гучаць так шчыра:

— Папраўляйся, ўсім нам будзеш

Баявым ты камандзірам!

 

 

*

Дні прайшлі. Атрад магутны

Стаў далёка славай чутны.

Вёска кожная і горад

Імя ведалі маёра.

 

І разведка леснікова

Працавала адмыслова,

 

Бойкі з ворагам шукала,

Вынішчала катаў лютых.

 

І люднеў усё памалу

Баявы лясны закутак.

 

Скора ўстала над зямлёю

Восень з хусткай залатою.

 

Па-над возерам туманы

Слалі белыя кудзелі,

Раніцою над палянай

Жураўлі кудысь ляцелі.

 

І дзівілася Алёнка:

Як магчыма, каб заўсёды

Так свяцілася старонка

Прыгажосцю і выгодай?

 

І не скажаш,

што цудоўней:

Ці вясна, калі шырока

Сож ліецца, сілы поўны,

Калі зелень цешыць вока;

 

А ці лета, калі кветкі

Заліваюць луг без краю,

Калі жыта па палетках

Колас важкі налівае;

 

Ці вось гэты час асенні

З задуменным нейкім спевам,

Калі ў вогненным адзенні

Казкі-думы шэпчуць дрэвы?

 

 

*

Так прырода явай мілай

Яе сэрцайка дзівіла.

 

Слаўся, родная старонка,

Край наш родны самацветны!

 

Але быў яшчэ ў Алёнкі

Свой лятунак запаветны.

 

Пасярод лясной дзялянкі

Бёрнаў свежых для зямлянкі

Летам майстры навалілі,

Зруб паставілі, накрылі,

 

Замасцілі, даглядзелі,

І казаць хоць не хацелі,

Што там будзе, а наўкола

Кожны ведаў: гэта — школа!

 

Школа! Вось чаго чакала

Наша дзеўчынка з сябрамі.

Пра яе сама складала

Нават казкі вечарамі.

 

А калі зацвіў нанова

Сіні-сіні ў лесе верас,

Не маглі стрымацца словы:

— Школа! адчыні ж ты дзверы!

 

Адчыні, прымі!..

Вось гэтак

Праз усё чакала лета,

Аж пакуль у міг шчаслівы

Не прачнулася ад дзіва.

 

Зазвінеў у лесе звонка

Раніцой званок вясёлы.

І ўсхапілася Алёнка:

Гэта ж школа, кліча школа!

 

 

*

Выгляд незамыславаты

Меў той клас лясны:

дзве дошкі,

На стале — абрус з цыраты,

Замест лямпаў —

з салам плошкі;

 

Але відна: партызаны

Шчыра ўсё зрабіць жадалі.

Быў тут глобус маляваны,

Кнігі з шафы выглядалі.

 

Нават добрым шклом сапраўдным

Два акны былі зашклёны.

Словам, зроблена ўсё спраўна,

Па-майстэрску, улюбёна.

 

З простых дошчак збіты парты,

Але выраблены дбала.

На сцяне — Радзімы карта

Да сябе дзяцей гукала.

 

А заўжды каб дзеці чулі

Голас любае Айчыны,

Каб Масква — усім матуля —

Была з імі штохвіліны,

 

Кожны вечар уключалі

Тут і радыё радысты,

І даходзіў з дальняй далі

Да зямлянкі гімн вячысты.

 

 

*

Так жыла цяпер дуброва.

І адно бацькоў займала:

Для дзяцей у школе новай

Кніг і сшыткаў не хапала.

 

Гэта знаў маёр, і прама

Даў Маскве ён тэлеграму.

І адказ прыйшоў.

Аднойчы

Распалілі партызаны

 

У маўклівай цемры ночы

Два кастры.

Пад самы ранак

Калыхнуўся дзесь ля зораў

Гул прыглушаных матораў,

 

Закружыў, з Масквы прысланы,

Самалёт шыракакрылы

І бліснуў па-над палянай

Зоркай яснай, сэрцу мілай.

 

Самалёт вялі героі,

Не стрымалі іх зеніткі,

А прывезлі яны зброю,

А са зброяй —

кнігі,

сшыткі.

 

І калі назаўтра ўранку

Дзеці зноў прыйшлі ў зямлянку,

І калі за кніжкі селі,—

Як усе яны хацелі,

Кожны хлопчык і дзяўчынка —

Кожным позіркам і ўчынкам,

Кожнай справай, хоць нязначнай

Паказаць хацелі ўдзячнасць

Дарагой сваёй Радзіме,

Што заўсёды ўсюды з імі!

 

Край жыцця, зямля Саветаў,

Край адвагі, сэрцаў шчырых!

Колькі ён, наш край, для свету

Сіл аддаў,

каб жыць у міры.

 

Сёння многа, многа мае

Ён турбот: вайна на свеце...

Але ўсё ж не забывае,

Што вучыцца хочуць дзеці.

 

І для ўсіх ён дар знаходзіць,

Ласкай сэрцы сагравае —

І таму, хто ў бой выходзіць

І хто толькі падрастае.

 

Дык скажы, Алёнка, слова,

Дарагое абяцанне.

— Будзь гатоў!

— Заўжды гатова

Да вучобы, да змагання!

 

 

*

Быў для вучняў лес і хатай

І палацам светлазорым.

І хоць тут між дрэў кашлатых

На зары не пелі горны,

 

Замест горнаў кананада

Рэхам слалася ў далінах,

Ды жыла, жыла на радасць

Піянерская дружына.

 

Крочыць выпала заўчасна

Дружбакам па сцежках боек,

Каля мірнай парты класнай

Давялося чысціць зброю,

 

На світанках іх будзілі

Кулямёты і гранаты,

Вандраваць яны хадзілі

Па шляхах бацькоў-салдатаў.

 

Ды ўсё так жа урачыста,

Ганарова, прамяніста

 

Гальштук ззяў і сэрцы клікаў

Да адданасці вялікай.

 

І жылі ўсе думкі тыя,

У якіх — у шчасце вера,

І кастры, кастры лясныя

Сагравалі піянераў.

 

Лес шуміць. Агонь палае.

Жмурыць вочы адвячорак.

І Алёнка запявае

Песню шчырую пра зоры.

 

Песню шчырую пра зоры,

Што не гаснуць, не стухаюць,

Што для ўсіх, для ўсіх прастораў

Над Крамлём любімым ззяюць.

 

Падымаюць песню вучні

Школьнай дружнаю сям’ёю:

— Мы з Масквою неразлучны,

Назаўсёды мы з Масквою!

 

І ўстае ў дзіцячых марах

Неаглядная Радзіма.

 

Можа быць, тайгі абшары

Перад іхнімі вачыма?

 

Можа, хвалі акіяна

Ў летуценных іхніх думах?

Можа, сэрцы ўсхваляваны

Новым лёсам Каракумаў?

 

Павядзе сама Айчына

Іх па ўсіх сваіх дарогах,

Толькі сціхне страляніна,

Толькі прыйдзе перамога.

 

 

*

І за тое, каб збыліся

Іх, дзяцей, лятункі-мары,

Каб над краем падняліся

Мірных досвіткаў стажары,

Мужна ў бойках і аддана

Ваявалі партызаны.

 

Многа вылегла чужынцаў

На дарогах і гасцінцах,

Дагарэла на адхонах

Ператрушчаных вагонаў.

 

І цяпер да бойкі новай

Рыхтавалася дуброва.

 

Пры мястэчку па-над Сожам

У фашысцкім гарнізоне

За калючай агароджай

Люд таміўся у палоне.

 

Там і скарб нарабаваны

У складах трымалі фрыцы —

Хлеб калгасны адабраны,

Наша жыта і пшаніца.

 

І ляснік не раз з сябрамі

У той бок хадзіў начамі,

Каб даведацца, дазнацца,

Як лягчэй туды прабрацца.

 

І ляглі значкі на карту

У маёра пад рукою.

 

Будзе бой цяжкі і ўпарты,

Але час адбыцца бою.

 

Час! — прыняў маёр рашэнне,

Час павесці наступленне.

 

Ціха роты баявыя

Выйшлі ў шлях пад сховай ночы.

Толькі ходзяць вартавыя,

За спакоем лесу сочаць.

 

Лес чакаў. Ніхто ў зямлянках

Спаць не клаўся — як жа можна!

Партызанская дзялянка

Неяк дыхала трывожна.

 

І прыйшла хвіліна. З гулам

Агнявымі языкамі

Бойка ў далях шуганула

Над барамі, над палямі.

 

Разліваўся над старонкай

Выбух полымя стракаты.

— Татка! — клікала Алёнка

І ізноў гукала:— Та-та!

 

— Та-та-та! — гарачым лётам

Ёй адказ кідала далеч.

— Та-та! — пелі кулямёты,

І агні не патухалі.

 

 

*

А на ранку, ледзь самкнула

Вочы стомлена дзяўчынка,

Хтось устаў над ёй — пачула —

З ціхім шэптам: «Сірацінка...»

 

І не трэба больш нічога!

Толькі матак, іх, адзіных,

Што з калыскі да парога,

Ад парога на сцяжыны,

 

Са сцяжын на шлях у свеце

Нас выводзяць, іх, любімых,

Пазнаюць заўсёды дзеці

Нават сплючымі вачыма.

 

Вечна родны тыя губы,

Што нас змалку цалавалі,

Той шчаслівы позірк любы,

Дзе нам промні сонца ззялі.

 

— Мамка! Мамачка! Ты ўстала?

Татка прыйдзе — радасць будзе!

Маці

Стомлена маўчала,

Як і ўсе навокал людзі.

 

— Татка... вось ён, прад табою...

Спіць... заснуў у часе бою...

І глядзіць Алёнка: поўна

Каля іх людзей у горы.

І дрыжаць, дрыжаць няроўна

Губы белыя ў маёра...

 

 

*

 

Каля возера ў даліне

Лесніка ў зямлю паклалі.

Хай шумяць над ім яліны!

Хай лагодна плешчуць хвалі!

 

Не парушаць супакою

А ні буры, навальніцы.

— Спі спакойна, наш саколе,

Няхай лёгка табе спіцца.

 

Не забудуць тваё імя

Ні сябры твае, з якімі

Ты ў баі хадзіў, ні тыя,

Каму даў ты вызваленне.

Ззяюць сцягі агнявыя,

Спраўдзім мы твае імкненні!

 

Накапалі дол высокі —

Помніце свайго героя!

Дзе ні ступяць твае крокі —

Помніце свайго героя!

 

Скончыцца вайны дарога —

Помніце свайго героя!

Будзеш славіць перамогу —

Помніце свайго героя!

 

Хату новую збудуеш —

Помніце свайго героя!

Песню новую пачуеш! —

Помніце свайго героя!

 

ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ

Адгулі вайны грымоты,

Зараслі вайны сцяжыны.

Абышла ўвесь свет узлётам

Слава нашае Айчыны.

 

Замест той зямлянкі-школы,

Што ў баях дзяцей вучыла,

Стрэў Алёнку клас вясёлы,

Аб якім калісьці сніла.

 

Зноў бягуць маторкі Сожам,

Зноў глядзяць з-за частаклета

Вокны хаты іх прыгожай,

Збудаванай сельсаветам.

 

Не пазнаеш вёскі сёння,

Што ўзрасла па-над ракою:

Па-над ёй сады гамоняць,

Спеў не ціхне па-над ёю.

 

Як жа хораша з сябрамі

Песні пець Алёнцы шчаснай

Пра зямлю сваю — з барамі,

З лугам, з полем, небам ясным!..

 

А калі туга атуліць,

Тады з роднаю матуляй

Праз сцяну густога жыта

Шлях вядзе яе ў дуброву,

Дзе стаіць, святлом заліты,

Слуп над долам пурпуровы.

 

І дзяўчынка ўспамінае

Дні, калі была малая.

 

Паўстае тады прад ёю

Дзядзя Ваня ва ўспамінах,

Што цяпер з палком герояў

Беражэ спакой краіны,

 

І ўсе дні, і ўсе хвіліны,

Калі татку песні пела...

І пакоцяцца слязіны

На ражок хусцінкі белай.

 

Але ззяюць над гарою

Словы: помніце героя!

 

І гучыць ёй у тых словах

Баявы наказ суровы:

 

Будзь Радзіме так аддана,

Мужнай будзь, як і яны,

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан