epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Альпініст на вяршыні

Напачатку па стромах ішлі яны ўдвух,

Як арлы, спачывалі на снежных адхонах.

Ды адзін, што цюльпан пад завеяй, патух,

І наклаў яго ў хаце памірац-пастух,

Выганяючы хворасць хурмой і заклёнам.

 

А другі не спыніўся. Між скалаў крутых,

Дзе вірылася белая пена сувеяў,

На хрыбтах, ад стагодняга снегу сівых,

Сярод хмар, што таўкліся, як тысячы крыг,

Прабіваўся наперад з нястомнай надзеяй.

І, нарэшце, зрабіўшы апошні спачын,

Перасек ледзяную скарынку вяршыні

І замёр — аж ля самага сонца адзін,

Зачарованы весняй красою далін

І дарог, што пралеглі па роднай краіне.

 

Ўся Радзіма была яму згэтуль відна —

Ад Варзобскіх цяснін да паўночнай граніцы,

Як ласкава ўсміхалася сыну яна!..

Як вітала, што ўсе ён вышыні пазнаў,

Да якіх нат арол падымацца баіцца!..

 

І юнак, пераможца вяршынь і хрыбтоў,

У адказ на Радзімы вітальнае слова —

Разгарнуў

сцяг чырвоны

пад пошум вятроў,—

Нібы велічны знак — ад сябе і сяброў,

Што ізноў ён на смелыя штурмы гатоў —

Да вышыняў, да славы,

да радасцяў новых!..

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан