epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Амерыка робіць золата

Крык сірэн, гвалт неона

пад сполахам ночы

да золаку,

І ўвесь дзень несціхаючы лямант —

На біржах,

ля кас,

ля станкоў,

ля вітрын,

ля магіл.

Амерыка.

Амерыка ліхвяроў робіць золата.

Золата.

Азараючы да крыві небасхіл.

Бы ў малітве, глядзяць небаскробы

з маркотай на бога

— О, магутнейшы самы,

спыні гэту гонку, спыні!..

А Амерыка ліхвяроў

не чуе і бога самога,

Усё куе сваю жудасць у страшным агні.

Ні хвіліны няма ёй спакою:

грукае, грукае, грукае.

Па надзеях, па сэрцах

б’е сквапнасці молат цяжкі.

Чалавечую кроў і людскую муку

Яна кідае ў топку,—

хай плавіць на злітак важкі.

Колькі тых ужо зліткаў,—

бажкоў з залатога метала!

А яна цягне рукі на Месяц,

глядзіць і на Марс,

А ёй усё мала, мала, мала,

А яна ўсё імчыцца,

забыўшы на час.

Не сціхае, стукоча, стукоча

агністае кола,

Падграбае да цэнта,

усюды, дзе можна сарваць.

 

І бяжыць чалавек, хапіўся за голаў:

— Дзе, скажыце,

ўцалее мая галава?!

Падбівае рахункі крывая статыстыкаў:

І ў Нью-Йорку вайна.

Па ахвярах не лепш, чым В’етнам.

«Дык спяшайся ж у джунглі,

на бераг Меконга імглісты.

Бо ўсё роўна загінеш.

Загінеш, загінеш! —

ці тут, а ці там»...

 

І бяжыць чалавек, і не ведае,

дзе аддадуць яго Молаху,

І бяжыць, адчувае — ўсё менее, менее, менее сіл!

А Амерыка — ўслед:

ліхвярам яе трэба золата.

Золата!

Хай палае крывёй небасхіл!

 

Хто судзіць яе будзе,

хто прыпыніць хаця б на хвіліну?

Хто ёй скажа: падумай,

падумай хоць трошкі, пастой?

Хто параіць?

Ніхто.

Бо даўно і няспынна

Усё больш ёй сціскае сумленне

пятлёй залатой.

І кавадла грыміць,

хай крывяняцца сэрцы пад молатам,

І крычыць чалавек,—

як пылінка, пад стомленым небам,

адзін...

Золата!

Золата!

Золата!

Золата!

Амерыка...

Ліхвярам яе трэба золата!

— Прэч,— раве,— адыдзі!..

 

1969 —1970

Нью-Йорк — Мінск


1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан