epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Анкета паэта

Ці бачыў, ці стрэў ты, паэце,

сёлетні крыгалом?

Ці слухаў

пчалы на дасвецці

звонкі ўзлёт над вуллём?

Ці вёў праз агністую лотаць

каня —

з быстры* напаіць?

Ці бачыў, як вучацца лётаць

крыжанкі — аж крылле звініць?

 

Ці чуў ты, ці слухаў, паэце,

ранняй вясны «ку-ку»?

Ці кланяўся ў спелым леце

жытняму каласку?

Ці мераў напружлівым крокам

жніўнай пары шляхі?

Ці дыхаў духмянаю спёкай,

глытаючы водар сухі?

 

Ці зведаў ты радасць, паэце,

руплівага будаўніка?

Ці блаславіў, ці прывеціў

у вокнах успых аганька?

Ці ўстаў хоць аднойчы ля гоняў,

дзе варыцца гулкая сталь?

Ці рваўся хоць думкай да зораў,

свідруючы неба крышталь?

 

Ці плыў ты хоць раз, паэце,

на хвалях вандроўных вятроў?

Ці здолеў прыдбаць у свеце

новых сабе сяброў?

Ці склаў у гарачым натхненні

песню для іх і пра іх?

Ці сталі твае захапленні

іхнімі хоць бы на міг?..

 

Сумеўся, маўчыш ты, паэце,

на твары хмурынка відаць.

У позірку згадка не свеціць,

штось цяжка табе прыгадаць...

Жывую паэта анкету

няўпэўнена ў рукі бярэш...

Дык з чым жа ты, браце мой,

свету

Свой верш, адкажы мне, пашлеш?..

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан