epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Антонавы грахі

Жыў ды быў Антон на свеце.

Не сляпы быў, не глухі.

Жыў звычайна — з жонкай, з дзецьмі —

І ніколі не прыкмеціў,

Каб былі ў яго грахі.

 

Дый адкуль і як, яй-права,

Мог займець грахі Антон,

Калі век свой шчырай справай

Па зямлі займаўся ён.

 

Карчаваў, араў, скародзіў,

Сеяў, жаў і малаціў.

І нікому не нашкодзіў,

І нікому не скруціў.

 

Па-сяброўску жыў заўсёды,

Дружбу моцную любіў.

Не капціў дарэмна годы

І душой спакойны быў.

 

Ды аднойчы...

Вось дык браце!..

Зведаў прыкрасці і ён...

Раз прыйшоў дамоў,

а ў хаце

Нейкі госць...

 

Глядзіць Антон:

— Што за шпунт?..— Па плечы грыва,

Вочы шныраць сюд-туды...

Губы ходзяць неяк крыва...

Што за ён прыджгаў сюды?..

 

Антон дзівіцца, а жонка

(Не пазнаць яе зусім):

— Ой, Антоначка, Антонка,

Пакланіся ты прад ім,

 

То святы айцец Грыгола

(І сама гапень паклон),

Каб ён зняў грахі нам, долу

Пакланіся й ты, Антон...

— Што за д’ябал? Пра якія

Ты заладзіла грахі?!

 

І тут «госць» той выгнуў шыю,

Голас рэзкі і сухі

Загугнявіў: — Мой ты браце,

Д’ябла зараз ты назваў,

Вось і грэх з’явіўся ў хаце...

Эх-хе-хе...

 

Дзе ні бываў,

Дзе ні жыў — заўсёды, ўсюды

Браў цяжар я на душу,

Я грахі здымаю з люду,

А палёгкі не прашу,

 

Ці ж грахі свае заўважа,

Хто забыў, што ёсць ён, бог...—

Так «святы» Грыгола кажа,

А Матруна: — Ох ды ох...

 

Ох, Антоне, вер святому,

Не маліўся ж ты даўно,

Ой, Антоне, трэба ў доме

Пасвянціць нам бервяно,

 

Трэба каяцца, Антоне,

Каб святлей было душы,

Бо запісана ў законе:

Кайся, кайся, хто грашыў...

 

— Але ж я грашыць ніколі

І не думаў!

— Ой, маўчы!

Мы пад божай ходзім воляй!

Мы ўсе грэшым, жывучы! —

 

Ажно ўся трымціць Матруна,

А Грыгола ёй у тон:

— Ў пакаянні — наш ратунак...—

І не мог стрываць Антон,

 

Плюнуў, ат! Дастаў галёшы,

Што сабе купіў на днях,

Дадаў яшчэ трохі грошай

І на жонку вочы ўзняў:

 

— Вось! Аддай свайму Грыголу,

Заплаці за райскі звон!.. —

І, не хілячыся долу,

Злосны кінуў дом Антон...

 

Але, выбегшы на волю,

Стаў, задумаўся Антон:

«Гэта праўда, што не болей

Грэшны я, чым гэты лён,

 

Што, нібы струна жывая,

Даспяваючы, звініць...

Але ж... рознае бывае...

Можа, й ёсць такая ніць,

 

Якой звязаны я з небам...

І Матруны ўсё ж шкада...

Ласкавейшым быць з ёй трэба...

Хай пасвенціць... Не бяда...»

 

Збіты з тропу, невясёлы,

Павярнуў дамоў Антон...

Ды, не стрэўшы тут Грыголы,

Стаў з сваёй Матрунай ён,

 

Як нічога й не бывала,

Летні свой збіраць багаж:

Агуркі, цыбулю, сала,—

Заўтра ехаць на кірмаш...

 

Покі ўсю паклажу ўклалі,

Дык амаль і сонца ўсход.

Антон з жонкай не чакалі,—

На вазок, і без прыгод

 

Прыбылі ў вялікі горад,

Павярнулі на базар,

Занялі мясцінку й скора

Прадалі ўвесь свой тавар.

 

— Ну, цяпер, Матруна, хіба

Я чагось купіць пайду.

Трэба ўзяць мо трохі рыбы,

Мо галёшы зноў знайду

 

На валёнкі... Дый табе вунь

Боты выгледзець пара...

— Што ж, ідзі, за ўсё будзь пэўны,

Ды грашамі там не йграй!..

 

— Добра, жонка... Сціплым буду...

Праз натоўп ідзе Антон,

Прыглядаецца да люду...

І вось — дзіва... Бачыць ён

 

Між людзей «святога» тога,

Што ў яго «здымаў грахі».

Сёння гэты «служка» бога

Нёс тут нейкія мяхі.

 

Антон бліжай падаецца,

У вусы сабе смяецца:

«Ці пазнае хоць мяне?»

Падышоў: «Вядома, не».

 

А Грыголу час — то грошы:

— Гэй, купляйце, прадаю,—

Кліча ён.— Каму галёшы?

За паўцэнак аддаю!..

 

«То ж галёшы на валёнкі,

Што «святому» я аддаў!

Ах ты, богава суконка,

Ах, смаўжака, ах, брыда!

 

Пачакай жа!» — А што хочаш? —

Запытаў Антон.

— Ды сто...

— Сто? Дык гэта ж ажно тройчы

Даражэй цаны...

— Ну й што?

 

Хто шануецца здароўем,

Купіць!

«Вунь які святы,—

Антон сам сабе прамовіў.—

Не святы, а злодзей ты!»

 

І рашыў...

— Авой, кабета,—

Прышыбаўшы да вазка,

Закрычаў: — Іду з прыветам

Ад бадзяжнага «папка»!

 

— Ад якога? Што лайдачыш?

— Хадзем разам паглядзім!..

Ды бягом!

Хутчэй жа!

Бачыш?

— Божа! Светлы херувім!

То ж святы айцец Грыгола...

Ён тут свенціць?..

— Прадае!

Вунь галёшыкі мае,

А вунь боты пад прыполам,

І з таварам вунь мяхі —

Усё цяжкія грахі.

 

Скалыхнулася Матруна:

— Добры дзень, айцец святы!..

А той зірк — абраў кірунак —

Ды бягом, ды лататы!

 

Бокам, бокам ад жанчыны,

Толькі б’ецца мех аб мех...

От пацешная хвіліна!

Разабраў тут многіх смех!

 

— Ну, што, бачыла, разява?! —

Злосна выгукнуў Антон.—

Вось твой грэх — «святым», яй-права

Давяраць да сталых дзён.

 

А ў мяне, табе скажу я,

Тры грахі ёсць за ўвесь век,

Кажу голасна, хай чуе

Кожны ў свеце чалавек:

 

Першы грэх мой — што не скора

Раскусіў «святога» я

І не даў яму учора

Ў хаце добра пугаўя.

 

Грэх другі мой — што заместа

Палкі

Даў яму дабро,

Быў я мякенькім, як цеста,

Ледзь не плакаўся бабром.

 

Ну, а трэці — што,

ўсе транты

Сёння ўбачыўшы ў «папка»,

Не здаў яго, спекулянта,

У міліцыю... Рука

 

І сягоння задрыжала,

Прапусціў тыя мяхі...

І Матруна праказала:

— То сапраўдныя грахі...

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан