epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Арол

У нетрах краю вёсачка лясная —

На вечнасць ці была б, ці не была?

Калі б не тая слава,

што ўзвінае

На пастаменце

гордага арла.

 

Не, не цару ён і не царанятам

Узнёс тут мармуровае крыло,

А тым, што ад лучыннай, курнай хаты

Прынеслі ў бітву душ сваіх святло.

 

Ужо вякі прайшлі з тае часіны,

З тае крывавай, з той ліхой вайны.

Ды не памеркла ўсё,

што для Айчыны

Зрабілі яе мужныя сыны.

 

Стаіць арол, узняў крыло заўзята,

Здаецца —

вось узнімецца ў палёт...

Не, не цароў ён,

не, не царанятаў

Высокай славай славіць,

а — народ!..

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан