epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Аўсянае поле

Чаму мяне цягнула кожным ранкам

Прайсці сцяжынкай па аўсяным полі?..

Якая для душы неспадзяванка

Чакала на тым сонечным прыволлі?..

 

Чаму я сустракаў тут —

хвіля ў хвілю

Штораз

і на адным і тым слядочку —

З паглядам, што гады як пацямнілі,

Сівенькую старэнькую з кіёчкам?..

 

Чаму яна падоўгу, нібы ўпотай,

Ў задуме, што пакутай бровы хмурыць,

Стаяла моўчкі ля былога дота

Каля замураванай амбразуры?..

 

Чаму, адтуль вяртаючыся полем,

Як бы ў душы прасветленая нечым —

Ступала з ціхім тварам

у прыволле

І нейкі шэпт шаптала свой старэчы?..

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан