epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Аж ззяе луг: рамонкі, смолкі..."

Аж ззяе луг: рамонкі, смолкі,

Гарошак, слёзкі і званкі

Бягуць, бягуць пад вецер волкі

Па светлым беразе ракі.

 

Кусты шыпшын спяшаюць з бору,

Хутчэй на ўзгоркі — там даспець.

А лог так пахне ад чабору,

Што аж баіцца дуб самлець.

 

Гарыць зямля ад фарбаў летніх,

Спявае шчодра зноў і зноў...

А ты чаму — скажы, бяссмертнік,—

Заўжды маўчыш ля курганоў?


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан