epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Бацька і сын

У час, калі стала: на стрэльбу зарад

І паўшых налічвалі

больш, чым жывых, —

З суровай тугой

Партызанскі атрад

Рашыў адступаць.

 

Ля зямлянак сваіх

Расклалі змаганцы паболей кастроў,

Каб праз завіруху сцвярджалі яны,

Што лагер жыве...

Пахавалі сяброў.

І рушылі ў цёмны бяздонак лясны.

 

Ішлі, каб адвесці ад лютай бяды,

Уратаваць хоць дзяцей і старых.

І начыста іх замятала сляды

Пурга,—

ад чужынцаў ахоўвала іх.

 

А тут, дзе нядаўна плач чуўся парой

Дзіцячы

і стогн прадсмяротны байца,—

Двое тут засталіся.

Сабой

Сяброў адыход прыкрываць да канца.

 

Двое байцоў — бацька з сынам сваім.

Адно пачуццё іх на подзвіг вяло.

Аж сто патронаў

пакінулі ім.

І дзве гранаты —

колькі было.

 

*

І вось, ледзь пачаў толькі золак шарэць,—

Гушчар застагнаў пад разрывамі мін.

І ў той калатні, ў той навале —

пра смерць

Як быццам забыліся бацька і сын.

Яны толькі помнілі: трэба ім жыць

І трапна цаляць — такі сэрца загад! —

Столькі часу,

каб мог адступіць

За далеч надзейную іхні атрад.

 

Так помнілі

Пад неадступнай пальбой,

Так помнілі,

Калі, падняўшыся ў рост,

Агнём праразаючы шлях прад сабой,

Пайшлі на іх фрыцы —

шалёна, наўпрост;

Так помнілі,

калі ўжо блізка зусім

Да іх кулямёта паўзлі, што краты,

Фашысты...

А ім, знявечаным ім,

Ужо непатрэбнымі сталі бінты...

 

— Сыночак... ідзі... я сам тут... адзін...

Ратуйся!..— казаў, заціскаючы скронь,

Цішэючым голасам бацька...

А сын,

Як быццам да ўдзячнага сэрца,

далонь

Да раны прыклаў і крануцца не мог,—

Так біла гарачым струменем адтуль...

І так, перайшоўшы адвагі парог,

Яны скарысталі ўсе сто свае куль;

 

І дзве іх гранаты,

бы звестку ў жыццё,

Паслалі між сосен

палаючы звон...

Пакуль абдымаючае забыццё

На бацьку і сына

не склала свой сон...

 

*

Жыццё, для якога ў трывогах раслі,

Жыццё, аб якім столькі мараў сплялі,

Якое хацелі сабе зберагчы,

Па самых суровых шляхах ідучы,

Жыццё дарагое,

Ці знойдзеш ты сіл,

Каб не жахнуліся бацька і сын,

Каб не змарнелі,

Не ўпалі душой

Перад пякельнаю

Доляй сваёй,

Доляй, якая, правёўшы праз смерць,

Кінула жорстка ў палон іх цяпер?..

 

Іх ажывілі, счарнелых ад ран,

І іх прывялі, гэтых двух партызан,

На допыт...

— Скажыце! — і будзеце мець

Усё, што вы ўздумаеце захацець...

Скажыце! —

хто вы, кім вы былі?..

Скажыце! —

чый здзяйснялі намер?..

Дзе партызаны?.. Калі адышлі?..

І дзе партызанскі лагер цяпер?..

 

«Дык вось чаго хоча фашыст-жывадзёр!

Дык, значыць, схаваў

тайну ночы

наш бор!

Шляхоў партызан

не адкрыла зіма!

Дык, значыць, на смерць мы пайшлі

не дарма!»

 

Праз млосць і праз боль

запраменіўся сын,

І бацька ўлавіў думак сынавых плынь,

І сыну кіўнуў галавой...

І яны,

Колькі пасля ні памучалі іх,

Як ні згіналі ў скляпеннях глухіх,—

Былі і цвярдзей і глушэй за сцяны,

Ні слова не выбілі ворагі з іх,

Непераможных, магутна-жывых...

 

*

 

Тады, адабраўшы ў паўгорада дзень,

Сагналі фашысты

на плошчу людзей.

— Гэй, слухайце ўсе! —

закрычаў камендант.—

Мы ў лесе злавілі двух партызан,

Хто знае імёны іх, дзе іх радня —

Хай выйдзе і скажа!..—

І ўраз цішыня

Апала па плошчу, праз ветру выццё,

Здаецца, пачулася сэрцаў біццё;

Хоць бацьку і сына тут зналі даўно,

Не раз паціскалі пры стрэчы руку,—

Маўчала шырокая плошча...

 

І зноў,

Хапаючыся за кабуру пры баку,

Крычаў камендант,

абяцаў серабро,—

Ніхто не прадаў землякоў і сяброў!

 

І раптам

з апошняй трыбуны сваёй,

Трыбуны з пятлёю над галавой,

Крыкнуў бацька,

бы ўдарыў у звон:

— Што ж вы не скажаце нашых

імён,

Людзі, вы ж знаеце, я — камуніст,

Я — камуніст, і мой сын — камуніст,

Сэрцам прад вамі і думкамі чыст!..

 

— Камуніст!

— Камуніст!

— Камуніст!

— Камуніст!

— Камуніст! — нібы клятва,

пайшло між людзей.

— Камуніст! — паўтараў і малы і стары.

І ўсе верылі: сцяг па-над плошчай

зардзеў,

І яго калыхалі свабоды вятры...

 

І хаця —

мо праз некалькі сумных хвілін —

Гайдануліся ў петлях бацька і сын,—

А імя — Камуніст,

што вяло іх на бой,

Для якога

Ахвяравалі сабой,

Што пакінулі спадчынаю на зямлі,—

Іх сябры, землякі —

падхапілі, ўзнялі!..—

І пілкаю лютасцю вораг не мог

Спыніць гэта імя на раздоллі дарог.

 

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан