epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Бацькаўшчына

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

Матчыная песня над калыскаю.

Акіяны сінія над хатай роднаю.

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

З кожнай сваёй памяткаю-рыскаю

Ты на ўсё жыццё — як зорка пуцяводная.

 

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

Ветру гоман з пушчай векавечнаю.

Маладыя мары — смелыя, імклівыя.

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

З сонечнаю ласкаю сардэчнаю

Ты на ўсё жыццё — як радасць зіхатлівая.

 

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

Сэрца з сэрцам здружана вітаецца.

Клічуць у жыццё дарогі торныя.

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

Што на свеце з ёю параўнаецца?

З ёй — адной на свеце, непаўторнаю?

 

*

Дык, значыць, вы аж цэлых трыццаць год

Жылі ўдалечыні ў няродным краі?

— Эх, брат, не трыццаць год,

а трыццаць злых нягод

Не жыў, а гніў —

Жыццё там каты ўкралі.

 

Хаця б аднойчы хтось паспагадаў...

Прайшлі гады —

як праімчалі цугам...

Мне восем год было, калі прыйшла бяда

У бедную хаціну па-над Бугам.

 

Ці ведаеш ты, брат, што значыць лёс,

Лёс сіраты — без бацькі і без маці?

Не ведаеш, і добра!.. Ты іначай рос,

Ты бачыў радасць у бацькоўскай хаце.

 

А я,— мне восем год было, калі пачаў

Не ў байках, а наяве шлях у пекле,—

Мне восем год было, як на маіх вачах

Пілсудчыкі бацькоў маіх засеклі.

 

Забілі іх за мару аб жыцці —

Жыцці на бацькаўшчыне, светлай, вольнай...

І я адзін...

Дзе бедаку знайсці

Спагаду ў злыбядзе ліхой, няўмольнай?..

 

Далёкі родзіч падабраў мяне,

Як падбіраюць сена клок з дарогі —

На беднасць...

І аднойчы па вясне

У край заморскі павялі нас ногі.

 

Заморскі край... Я быў там трыццаць год...

І мы калісь гайдаліся на хвалях

І думалі: без гора і згрызот

Жыццё сабе нарэшце напаткалі...

 

Так думалі, а ўсё зусім інакш

Пайшло для нас на той зямлі заморскай.

Глядзі на рукі — вось жалеза знак...

А ў сэрца знак чарней —

ад крыўды горкай.

 

Амерыка... Хтось бае: «Шчасце-дні,

Багацце, супакой, свабоды, цуды»...

А я крычу: — Не слухайце хлусні!

Там — боль і здзек, мы там былі —

прыблуды!

 

Не даў той край жыцця для бедака,

Чыё багацце — рукі з мазалямі.

Не даў жыцця, не даў і кашалька,

А толькі ў душы кінуў камянямі.

 

Мне восем год было, калі мой крок

На той зямлі сустрэў нядолі церні.

Прайшло жыццё,— і мне ніхто, браток,

Гадоў маіх загубленых не верне.

 

Я быў усім, усе рамёствы я

Пазнаў — у працы я не быў калекам.

Я быў усім, адно душа мая

Не зведала прызвання чалавека.

 

Гняла пагарда, біў ліхі праклён,

Дні беспрацоўя нішчылі і церлі.

І там вось, брат, у суцемках тых дзён

Я зразумеў,

за што бацькі памерлі.

 

Мае бацькі! Згадаў я песні іх

І мару іх аб бацькаўшчыне вольнай.

І днём былі яны ў вачах маіх,

І ў снах я жыў іх марай неадольнай.

 

Мне снілася чырвоная зара,

Сцягоў чырвоных пошум над палямі,

Вясновая рабочая пара

Гукала мае рукі з мазалямі.

 

І бачыў я сябе ў пакутных снах

Сярод людзей шчаслівых, беспакутных...

І вось я тут... Дзе родная вясна,

Дзе родный край

пад зоркай пяцікутнай!..

 

*

Бацькаўшчына, бацькаўшчына!..

Далеч дарагая, неабдымная.

Над зямлёй цвіце зара барвовая.

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

Люба ты нам песняю нястрымнаю,

Непадкупнай думкай, шчырай моваю.

 

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

Вёсны залатыя, непагасныя.

Маладая дружба — шчасця поўная.

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

Люба ты нам доляй нашай яснаю,

Сілай нашай мужнаю чароўная!

 

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

І хаціна родная, і вуліца,

І сцяжына, змалку пратаптаная...

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

Сэрца, каб ажыць, к табе прытуліцца.

Сэрца, катамі падратаванае...

 

*

 

— Ты не зважай, брат, на маршчын сляды

На твары на маім. Што ж, знак былога...

І дужы я яшчэ і малады,

І светлая цяпер мая дарога,—

 

Сказаў ён і паходкай юнака

Ступіў да свайго трактара шырока.

Махнула мне мазольная рука,

І зноў паплыў над полем мерны рокат.

 

І праляглі за ім зямлі пласты —

Зямлі калгаснай, шчырай, урадлівай,

І за рулём ён быў,— як я і ты,

Яго браты,— сваім жыццём шчаслівы.

 

І я глядзеў яму прыхільна ўслед

І думаў аб вялікім светлым лёсе

Маіх сяброў.

Нам вандраваць у свет,

Каб долю адшукаць, не давялося.

 

Нам бацькаўшчына родная дала

Святло, і ласку, і красу, і ўцеху,

Яна нам і сяброўкаю была,

І песняй, і юнацкім звонкім смехам,

 

І сонцам, і лятункам дарагім,

І крыллямі, магутнымі, жывымі,—

Яна дала нам алыя сцягі,

Каб з сэрцамі былі мы агнявымі.

 

І нам часамі цяжка было, што ж,

Варожая ішла на нас навала,

Свінцовы сек нас ураганны дождж,

Гарматнай навальніцаю ламала.

 

Ды ўсё ж нішто не здолела змагчы!

Мы ў бой ішлі адной сям’ёй народнай!

І сёння ззяюць славаю мячы

Вялікай нашай бацькаўшчыны роднай.

 

Цвіце памаладзелая зямля.

Жыві і слаўся, любасць маладая!

Хай ціхі дождж нясе красу палям,

Вада няхай у рэчках не спадае!

 

І я стаяў і думаў аб братах,

Закінутых у розныя старонкі,—

Чый покліч, як журботны сумны птах,

Ляціць над берагамі Амазонкі.

 

Чый голас чуў хрыбет Берагавы

І цёмныя завулкі Манрэаля,—

Сіроцкі голас, хоць яшчэ жывы,

Але з глухім бясконцым крыкам жалю...

 

Нямала разбрылося іх калісь

У пошуках зямлі — хоць трохі сытай...

І што яны ў чужых краях знайшлі?

Ці мала мар і шчырых душ разбіта?

 

І крыкнуць мне хацелася: — Браты!

Чые ў чужыне косці не сатлелі,

Я знаю — лёс ваш горкі і круты,

І вы па шчасцю сэрцамі збалелі.

 

Ад рэк чужых, дзе вы знайшлі адчай,

Чакаюць вас ля Нёмана і Сожа,

Чакае вас шчаслівы вольны край,

Дзе вас нішто ніколі не ўстрывожа!

 

Край вернасці і шчырасці людской,

Дзе сэрца сэрцу ласкі свае дорыць,

Край — бацькаўшчына родная, якой

Нам анішто на свеце не паўторыць!

 

*

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

Матчыная песня над калыскаю.

Акіяны сінія над хатай роднаю.

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

З кожнай сваёй памяткаю-рыскаю

Ты на ўсё жыццё — як зорка пуцяводная.

 

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

Можа, пра яе хто і забудзецца,

А яна ні пра каго не забываецца.

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

Што задумаў, зажадаў ты — збудзецца,

Толькі думка крыўды не збываецца.

 

Бацькаўшчына, бацькаўшчына...

Дні стаяць над краем прамяністыя.

І гараць сузор’і ў небе млечныя.

Бацькаўшчына, бацькаўшчына!

Пад сцягамі алымі агністымі

Мы ідзём з табою ў шчасце вечнае!

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан