epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Бачу Леніна

Колькі малюнкаў, а колькі ўспамінаў,

Колькі паданняў — за часам услед...

Ленін —

То ў званні рабочага сына,

То —

Як асілак з сялянскіх легенд.

 

Ленін —

То воін, што пройдзе ўсе ростані,

Каб падтрымаць аслабелых плячом.

То ён —

Сам бацька, даверлівы, просты,

То — палкаводзец з праўдзівым мячом.

 

То ён —

Як носьбіт грымотнай энергіі.

То — закаханы ў лірычнасць калін.

Ленін — і з рускімі,

Ленін — і з неграмі,

І югаслаў з ім,

І горац, і фін.

 

Ён —

І з французам гаворыць вячыста,

І мальгашы яго лічаць сваім.

Свету ўсяго

Увасобіў ён рысы.

Свет свае рысы

Знаходзіць у ім.

 

Так ён прыйшоў і ка мне, беларусу,

Так у ім

свет

перадам і сынам.

Толькі ніколі —

душой паклянуся! —

Леніна ў царства багоў не аддам.

 

Ленін не здатны да боскага глянцу!

Самы найвелічны грамадзянін,

Ленін быў творцам,

за шчасце змаганцам,

Геніем працы,—

між іншых адзін.

 

 

*

— Ці бачыў ты Леніна?

Тата, а тата?! —

Квітае мой меншы пад спеў кумача.

І з радасцю сведчу:

і ў сына ж багата

Такога, што пэўна было ў Ільіча.

 

І ён жа спяшае ўсё ведаць,—

няйначай!..

І ён жа быць добрым дае вось зарок...

І шчыра кажу я:

— Так, бачыў і бачу

Леніна ўсюды я, любы сынок.

 

Бачыў у радасці, што ты з сабою

Носіш у позірку сонечным днём.

Бачыў і там,

дзе для ўпартага бою

Трэба падняцца было пад агнём.

 

Бачыў я Леніна, бачу заўсёды

Там, дзе ўстаюць, дзе растуць гарады,

Поўняцца рэкі, ідуць параходы,

Спеюць жыты,

даспяваюць сады.

 

Хочаш і ты вось

для радасці ўзняцца

Велічным, чыстым,— такі не адзін.

Ленін — усюды, дзе клопат і праца,

Ведай пра гэта і помні,

мой сын!

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан