Вось так і нас,—
успомніце, згадайце,—
Звяругі-каты кідалі ў агонь.
Не! Не! І праз вякі не забываецца
Пакутны боль Радзімы дарагой.
Вось так і мы,—
нашчадкі, ганарыцеся! —
Ішлі на смерць, каб жыў у сонцы свет.
Ішлі, як рыцары, ішлі, як віцязі,
Як проста дзеці —
на бацькоўскі след.
Байцы В’етнама, мне ваш сум вядомы,
Бо гнеў такі насіў я ў сэрцы сам.
І мужнасць,
што не хіліцца пад громам,
Калісь і ў нашых выспела лясах.
Яна навек, для ўсіх нашчадкаў выспела,
І між людзьмі нікому не забыць,
Што свет — адзін,
плыве маленькай выспай
Праз акіяны ласкі і жальбы.
Таму і вы, хоць подзвіг ваш нялёгкі,
Адчуеце — ён іншым быць не мог.
Бо гэты подзвіг —
тых лятункаў крокі,
Якім не жыць без славы і трывог.
У міг, калі крывавых катаў зграя
Скіруе ў скронь халодны бліск ствала,
Мой сябра, знай,— і я там паміраю,
Каб вера ў сонца чыстае жыла.
1968