epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Балада Святочнай Плошчы

Святочная Плошча, што ўся была рэхам

Ад песень юнацтва і палкасці маршаў;

Святочная Плошча, што чула гадамі,

Як пошум сцягоў успраменьвае сэрцы,—

Святочная Плошча не здрадзіла шчасцю:

Хоць бура вайны прашугала над ёю,

Агнём абдала яе брук векавечны,

Павырвала пліты, параніла вежы

І цемрай журботнай яе ахінула,—

Святочная Плошча — жыла, не здалася!

 

Па ранку нядужы, але не пахілы,

Прыходзіў да Плошчы пявун-чалавечак;

Прыходзіў, разводзіў высокія дзверы,

Рыпучыя дзверы пакінутай школы;

Паціху, як быццам на ўроку да вучняў,

«Дзень добры!» — казаў да старога раяля —

І хутка адтуль, як і ў дні да навалы,

Ляцела над Плошчаю водгулле свята,—

Бы кліч маладосці, бы матчына дума,

Бы шолах світанкаў, бы водгалас грому,—

Ляцела пад Плошчай мелодыя песні,

Славутай, народнай, бунтоўнае песні.

 

Ляцела над плошчай мелодыя песні,

Чужая, глухая варожаму духу.

А кожны, хто знаў гэту слаўную Плошчу,

У песенных гуках чуў роздум і веру,

Чуў заклік, ён крочыў з адвечнай красою:

— Не плачце, гарніцеся сэрцам да сэрца,

Не плачце, гартуйце сумленнасцю душы,

Не плачце, да бітваў рыхтуйцеся, людзі!..

 

О Плошча! О маці — святочная Плошча!

Якой яна горад жывіла надзеяй!

Ні лютасць фашыстаў, ні боль адзіноты,

Ні пекла забойстваў, ні жах катаванняў —

Нішто ні на міг не застрашыла горад! —

І ўночы, калі патухалі над Плошчай

Пявучых акордаў апошнія гукі,—

Уночы ўставала народная помста,

Ляцела, грымела па краю адплата,

Крышыла ў баях чужакоў бастыёны

І слёзным усім і жальбою забітым

Давала чаканую іскарку-мару...

 

Нямала шалелі ад злосці бяссільнай,

Нямала шукалі, адкуль для іх ліха,

Нямала паклалі галоў чужаніцы...

Пакуль ненавісная, чорная здрада

Не выдала ім таямніцу той Плошчы...

Аднойчы...

Аднойчы настаў дзень жалобы:

Не выйшаў па Плошчу пявун-чалавечак,

Не адчыніліся светлыя дзверы,

Высокія дзверы няскоранай школы,

Не грымнулі гучныя гукі раяля,

Шырока ўзнімаючы заклікі песні...

 

Сурова маўчала задумная Плошча...

І толькі званы на званіцы суседняй,

Што, можа, стагоддзе ні раз не званілі,

Здавалася, крыкнулі з плачам: — Забілі...

Забілі, забілі, забілі, забілі! —

Здаецца, званы са званіцы званілі.—

Забілі душу, прыгажосць растапталі,

Пяшчоту сардэчную смерці аддалі...

З жальбою званы са званіцы званілі,

А вораг крычаў, не хаваў захаплення:

— Забудзьцеся, людзі, пра вольныя песні,

Ужо не абудзіць ніхто вашы ранні,

Здавайцеся, людзі, скарыцеся, людзі,

Скарыцеся перад жалезнай няволяй...

 

Ды толькі дарэмна смяяўся чужынец!

Хоць сціх расстраляны пявун-чалавечак,

Хоць больш не ўставаў яго покліч над Плошчай,

Не дыхалі гукі —

а ўсё ж не змарнелі

У сэрцах людскіх агнявыя напевы,

Бо можна забіць, растаптаць чалавека,

Ды нельга забіць яго думы-імкненні,

Што клічуць і ў горы —

у шчасце, у шчасце,

У заўтра, у заўтра, дзе згіне навала!

 

Настала часіна — ў жахлівым спалоху

Прачнуліся ворагі: Плошча грымела,

Кідала прыбоем пявучыя хвалі,

Гукала, паўнела —

паўстаннем, паўстаннем

Бурліў увесь горад па Плошчы святочнай

І кідаў да сонца магутныя крылы!

Як бура — няўмольна, як грозная бура,

Змятала паўстанне варожую сілу,

Вяртала жыццё на дарогі і сцежкі,

І хутка ўвесь свет, што чакаў вызвалення,

Пачуў,

як узнёсла —

усіх, на ўсім свеце,

Вітала, бы маці, святочная Плошча.

 

— О людзі! — крычала святочная Плошча.

І свет узнімаўся сустрэч яе клічу.—

О людзі! — крычала святочная Плошча,

І, хто яе слухаў,— чуў веліч у сэрцы:

Бясконцай трывогай, тугой піяніста,

Юнацкімі марамі, мужнасцю старцаў,

Крываваю ранай і песняй дзявочай

Крычала ўсім Плошча:

— О людзі!

 

О людзі!

Збівайце аковы і нішчыце здраду,

Вяртайце красу і пяшчоту навекі,

Ніколі, ніколі,

ніколі, ніколі,

Хоць нават загінуць камусь давядзецца,

Ніколі ў жыцці, ні ў пачуццях, ні ў думах.

Не будзьце рабамі! — крычала ўсім Плошча.

Не будзьце рабамі, не будзьце рабамі,

Не будзьце рабамі,

о вольныя людзі!

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан