epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Баравік

Рудагаловы,

З крамянаю ножкай,

Вылез з-пад шыгалля,

Глянуў сцярожка.

 

Ціха навокал,

Нібы і не ў лесе.

Бліскі між дрэваў

Раскідвае месік.

 

Можна ўзнімацца

Ўсё вышай ад моху!

Сіл набірацца

Паволі, патроху...

 

Прагна дыхнуў

Цёмна-дымнаю парай.

Стаў юнаком —

Малайцом круглатварым.

 

Цёпленька ўмыўся

Парлівай расою.

Аж засвяціўся

Лясною красою.

 

Можна гукнуць:

«Я ўжо вырас!» —

сасонцы.

Можна паказвацца

Ўрэшце

І сонцу!..

1986


1986

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан