epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Барселона

Ужо каты крывавыя рукі

Паціралі, вяшчуючы бізнес:

Скатаванай Іспаніі

Франка

Нявольніцкі вызначыў лёс!..

Думалі: Іспанія ў путах —

Мёртвая. Толькі трызніць.

Рукі — пад ланцугамі,

Вочы — за цемрай слёз.

 

Плывуць інтэрвентаў лінкоры

Спакойна па хвалях салёных,

«Лятаючыя крэпасці»

Прастуюць цераз акіян.

Але —

адкуль яна: бура?

Адкуль яна: Барселона?

Адкуль гэты грозны голас:

— No pasaran!

 

Трыста тысяч у шэрых блузах:

А за імі колькі — не злічыш.

Можа, мільёны сэрцаў,

Мільёны рук і вачэй...

Гэй, дрыжы, камарылья!

І ў лютасці кат ваяўнічы

Спяшаецца, пагражае:

Патронаў, патронаў хутчэй!

 

Ляцяць у Нью-Йорк дэпешы.

І мільёншчык, ад злосці зялёны,

У страху за бізнес —

свінцовы

У Іспанію шле аркан...

Але —

не скарыць Барселоны,

Не расстраляць Барселоны,

Жыве душа Барселоны:

— No pasaran!

— No pasaran!

 

Сэрцы прагнуць святла і міру,—

У змаганні гартуюцца сэрцы.

Хоць кроў і пральецца на бруку,—

А шлях не заслоняць вясне!

Запомніце назаўсёды,

Каты і крыважэрцы:

Народы не прадаюцца.

Іх не аддаць вайне!

 

Нядарма пачулася свету

Дыханне магутных мільёнаў.

Гэта — толькі пачатак,

Яшчэ загрыміць акіян.

Іспанія будзе свабоднай! —

Гучыць прысуд Барселоны,

Гучыць

Рэспублікі голас:

— No pasaran!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан