epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Басанож..."

Басанож,

Як вясковая мая дзяўчына каханая,

Ходзіць восень па лесе,

Рассыпае золата на дарожкі.

А я стаю,

загорнуты

У белыя латы туману,

І прашу восень

Памілавацца са мной

хоць трошкі.

 

Пастой, пастой, вабная,

Пастой са мной, добрая, вячыстая.

Я ж цябе люблю змалку,

Прад табой —

і гару і каюся.

Не прашу золата,

Не прашу дыяментаў агністых,

А толькі напоўні

надзеямі

Дум маіх і пачуццяў кайстру.

 

Восень усміхаецца.

Ідзе, не спыняецца.

Паглядзіць,

кіне вогненны самародак

І да новае спяшае сцежкі.

І я стаю разгублены.

І бядую: «Ах, шкода, шкода!..»

Але чую —

па лесе рэха

Ужо коціцца,

пытае: «Дзе ж ты?»

 

— Дзе ж ты? Дзе ж ты?

Чаму не ідзеш ты?

Я ж хачу паказаць табе

лепшыя дзівы

І найлепшыя радасці ўмесне.

І будзе ў цябе

Назаўсёды

І лятунак шчаслівы,

І надзея

Аб самай чароўнай песні!..

 

І, абуджаны рэхам,

Я іду за лістамі.

Пад нагамі шуміць і хвалюецца

чырвоная лава.

І здаецца, здаецца

Пад сярэбранымі

павуцін нітамі,

Што яна —

Мая новая

Да новых дарог

Пераправа.

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан