epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Бярозавік

Яшчэ ў маленстве ў недалёкі гай

Хадзілі мы па сок салодкі гэты.

Тады нам ціхі лес быў таямнічым светам,

І не кранала нас тады туга.

 

Жылі мы гульнямі. І бесклапотным быў

Дзіцячы міг на травяным прыволлі,

Ігралі ў дудкі мы з рачной вярбы,

Абед насілі да бацькоў на поле.

 

Але маленства дзён пралескі адцвілі,

Мы падраслі, не заўважаючы, надзіва.

Мы ўбачылі, як вораг топча ніву,

Што мы засеялі,—

і зброю паднялі.

 

Згубілі мы спакой,

І кожны новы дзень

Прыносіць сэрцу новыя праявы:

Старыя хочуць зноў памаладзець,

А юнакі не хочуць жыць без славы.

 

Як многа жудасных пражыта дат!

Хіба забудзе хто краіны страты?

Але мінуўся час цяжкі. Мой брат!

Мы на радзіме зноў, нанова ставім хаты.

 

І вось цяпер, калі я п’ю яго,

Салодкі сок, і не магу напіцца,

Здаецца мне,

што пасля грозных год

І саладзейшы стаў ён і мацнейшы быццам.

 

Я чую ў ім

краіны роднай боль,

І гнеў, і моц, і ненавісць, і веру.

І сэрцу хочацца зноў зведаць бой.

І ногі просяцца

ізноў наперад.

1944


1940; 1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан