epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Бярозы

Бярозы, летуценніцы гаёў,

Хіба я правініўся перад вамі,

Што сэрца ўраз заходзіцца маё,

Як стану перад белымі стваламі?

 

Жывыя вы, не казачныя вы,

Узрошчаныя долаў родных сокам.

Чаму ж над вамі нават журавы

Падоўгу тужаць,

як ляцяць далёка?

 

Ці вы ўвабралі з вечнасці

ў сябе

Усю красу, усю прывабнасць краю?

Ці ў вашай мройнай,

сонечнай журбе

Ёсць радасць нейкая,

што ўсіх скарае?

 

А можа, сказ — як вёсны веснаваць,

Як шчасна сонца піць лісточкам клейкім,—

Нішто не можа лепей праспяваць,

Чым вашы берасцяныя жалейкі?..

 

Бярозы, летуценніцы гаёў,

Ізноў стаіў дыханне перад вамі...

І сэрца ўраз заходзіцца маё

Так соладка прад белымі стваламі...

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан