epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Бясконцы подзвіг

Глядзіць у неба з захапленнем кожны,

Хто ўмее явай жыць, хто ўмее марай жыць.

А там, у космасе, наш юны спадарожнік

Вакол зямлі, як горды птах, ляціць.

 

Што стрэне ён за чарадой аблокаў,

За сінімі марамі стратасфер?

Якія весткі нам прышле здалёку

Паміжпланетных рэйсаў піянер?

 

Ідуць сігналы... Слухайце ўсе людзі!..

Ідуць сігналы, і лунае ў іх

Упэўненасць, што свет няспынным будзе

У пераможных пошуках сваіх.

 

Упэўненасць і вера ў тыя рукі,

У розум светлы той, што для людзей

Далі струмень жывы з крыніц навукі,

Каб спраўдзіць радасць велічных надзей!

 

Дык не спыняйся ж, думкі нашай сіла,

Удаль і ўдаль хутчэй ляці, ляці,

Дужэйце, вольныя народа крылы,

Для подзвіга бясконцага ў жыцці!

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан