epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Бяжыць дзяўчынка на спатканне..."

Бяжыць дзяўчынка на спатканне,

Хусцінка сінім сцягам з плеч,—

Забудзьце ўсе расчараванні,

Адкіньце, людзі, страхі прэч.

 

Чакайце, вось яна ўсміхнецца,

Глядзіце — хутка стане ззяць,

Не прапусціце міг — ад сэрца

Да вас праменні паляцяць,

 

І пераважаць яны шалі

Навал, што мо кагось гнялі,—

Каб мы заўсёды заўважалі,

Як ходзіць шчасце па зямлі.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан