epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Белая чайка

В.П.

 

 

Прычапілася белая чайка ка мне:

Не паспею заснуць — а яна нада мною.

Кружа, кружа — то вострым крылом чыркане,

То, як хваляй, гарачай абдасць белізною.

 

І крычыць, і крычыць так тужліва штораз!

І глядзіць, і глядзіць. А пагляд — дзікаваты.

Быццам нейкі таемны вядомы ёй сказ.

Быццам я перад ёю у чымсь вінаваты.

 

Я прачнуся. Я доўга нямею ў цішы.

Ты адкуль, мая чайка? Адкуль ты і што ты?

Я ж за век аніводнае чыстай душы

Не забіў — ні ў людзей на вачах, ані ўпотай.

 

Тыя ж душы, якія паліў я агнём,

Былі з чорнае зграі, цямнейшыя ночы.

І яны аніколі, ні ноччу, ні днём,

Не схацелі б патрапіць ізноў мне на вочы.

 

Дык адкуль жа ты, чайка? Адкуль і чыя?

І чаго ты чакаеш? — скажы, калі можна...

...А быць можа, ты тая трывога мая,

З якой колісь расстаўся я неасцярожна?

 

Можа быць, ты заўважыла ў песнях маіх

Вельмі чыннасці многа і многа спакою?

І, мне ўсё дараваўшы, прыйшла, каб да іх

Зноў вярнулася скруха за шчасце людское?..

 

Не адказвае чайка... А я не магу

Жыць далей так, як жыў,—

каб і ўтульна і сонна

Быццам хтосьці па свеце збірае тугу

І нясе ў маё сэрца — штоноч і штодзённа.

 

Нейкі кліч, нейкі звон усяліўся ў мяне,

Як хто водзіць па жылах смычком-самаграйкай.

А ледзь вочы самкну — зноў крылом чыркане,

Зноў крычыць нада мной

мая белая чайка.

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан