Галасілі салдаткі не дзень і не два,
Жабравалі па свеце малыя сіроткі.
А на лузе шумела, як мора, трава,
І жыты наліваліся сокам салодкім.
Даспявалі суніцы ў зялёных барах,
На шыпшыне звінелі пчаліныя гуслі,
А дзяўчыну з бацькоўскага бралі двара
І ў Нямеччыну гналі — па ўсёй Беларусі.
Па варожых стаянках блукала радня,
Каб хоць тут пахаваць
сваіх родзічаў косці,—
І з пагрозай садзіўся юнак на каня,
І рыбак пакідаў лёгкі човен і восці.
Пад страхою хаваў свае струны скрыпач,
У скляпенне кідаў свой здабытак араты.
О сястра!
О матуля!
О жонка!
Не плач!
Мне не будзе спакою. Мы сёння салдаты.
Запалалі кастры ў хмызняках за Лясной,
Што з Пятроваю славай навек заручона,
І выходзілі хлопцы-вяскоўцы на бой
За краіну-пралеску сям’ёй незлічонай.
Падняліся арлы па-над Нёмнам-ракой,
Грозным клічам гукнулі сыноў Мастаўляны.
І здалося, што сам Каліноўскі з труной
Развітаўся, каб вызваліць край зруйнаваны.
Нараджаліся новыя песні з тугі,
Гартавалася новая слава ў змаганні.
зямля-непакора, о край дарагі!
Мы адной тваёй ласкай жывём да сканання.
І калі б нам па смерці прыйшлося ізноў
Для красы і для смутку на свет нарадзіцца,
Дык нідзе — толькі тут, каля гэтых бароў,
Каля гэтых азёр мы жадалі б мясціцца.
На зямлі, дзе ў змаганні мой прадзед сканаў,
На якой наша доля сцяжыны шукала,
Аб якой на смяротным адры ўспамінаў
Са слязамі ў вачах неўміручы Купала.
Для якой без задумы ляцеў з вышыні
На варожую зграю крылаты Гастэла,
За якую аддалі мы лепшыя дні,
І каханне, і мары, і сэрца, і цела.
Будуць помніць вякамі народы зямлі
Аб нямецкай навале, аб лютым прымусе.
І патомкам раскажуць, як мы здабылі
Вызваленне і славу сваёй Беларусі.
У няласкавы час прыгадаецца ўсім,
Хто жадае свабоды і шчасця айчыне,
Як ішлі мы ў салдаты адзін за адным,
Як тужылі ў баях аб дачушцы, аб сыне.
Як чакалі нас жонкі не дзень і не два,
Як блукалі па свеце, бы здані, сіроткі,
Як трызніла аб косах на лузе трава,
А жытам было горка і з сокам салодкім.
Як заместа сярпоў мы кавалі мячы,
Каб прынесці краіне сваёй перамогу,
Як, жыцця не шкадуючы, ўдзень і ўначы
Мы на захад сабе прабівалі дарогу.
Цэлы свет нашы песні тады запяе
І, з надзеяй на праўду сваю, ад прымусу
Ратаваць будзе думкі і сэрцы свае
Гэтак мужна і шчыра, як мы, беларусы!
1944