epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Беларусь — Расія

Беларуская маці

Дала мне агністую кроў.

Закаханы я сэрцам

У сцежкі над Бугам і Сожам.

А чаму ж мне і ў сне

Чуцен шум падмаскоўных бароў,

Гулкі рокат Нявы

І дыханне прастораў Паволжжа?

 

Любы мне, як і тыя,

З якімі радзіўся і рос,

Для якіх увесь век свой

Удзячнага слова шукаю,—

Любы мне

летуценні

Смаленскіх бялявых бяроз,

І агні над Уралам,

І рэха ў далінах Алтая.

 

Беларускаю мовай

Я першыя словы сказаў,

Беларускай вяснянкай

Сваё сустракаў я прадвесне.

А чаму ж, як пачую,

Ажно набягае сляза,—

Як пачую жывую

Пявучую рускую песню?

 

Любы мне, як свае,

Мары рускіх братоў і сясцёр.

Не таму, што мы побач

І хадзілі і кветкі збіралі.

А таму, што мы разам

Распалілі свабоды касцёр

І адною душой

І жылі і ў баях паміралі!

 

І нідзе я не змог бы

Пражыць ні хвіліны адной

Без шляхоў, што мой Мінск

З дарагою Масквою з’ядналі,

Без барвістых сцягоў,

Што плывуць над маёй стараной,

Без вятроў, што мой Сож

І што Волгу маю ўскалыхалі.

 

Я нямала пабачыў

Цудоўных зямель і краін.

Ды нашто яны мне!

Я багаты Айчынаю брацкай!

Дзе радзіўся Ільіч,

Дзе і я, яго вучань і сын,

Навучаўся ў жыцці

За народную справу змагацца.

 

На шчаслівым шляху

З рускім братам вітаюся я:

— Добры дзень! — і лаўлю

У адказ дружбакоў галасы я.

Я кажу: — Беларусь,

Беларусь дарагая мая! —

І адразу, як звон,

Адгукаецца ў сэрцы: Расія...

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан