epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Беларусь з Нью-Йорка

Я з калыскі песні твае ў сэрцы нёс

І спяваў табе песні сам.

Я лічыў цябе за найлепшую маці

І за шчасце — быць сынам тваім — лічыў.

Мая кроў

Калісь

Засталася ў тваіх верасах,—

І да сённяшніх дзён

Пра той час

Легенда гучыць.

 

Беларусь,

Як люблю я цябе, ты знаеш навек,

Ты ведаеш, як я цябе шанаваў.

Але я не думаў, што мой па табе смутак

Будзе такі ж бясконцы,

як любоў сама.

Я не думаў,

Не думаў,

Што каб гэта ўсё пазнаць,—

Трэба так мала,

Толькі адчуць,

Што зямліцы тваёй

Пад нагамі

Няма.

 

Ёсць планеты ў сусвеце —

Месяц, Венера, Марс,

І мы марым ляцець да іх,

Мы збіраемся там шукаць нешта нейкае,

Што адкрые нам лепшую з таямніц.

А я стаю цяпер у Нью-Йорку

І кажу:

Людзі,

З усіх таямніц сусветаў,

з усіх, з усіх, з усіх,

Самая добрая —

Тая,

Што ў слове

— Радзіма —

Звініць.

 

Людзі, я пераехаў толькі на край зямлі,

Толькі за акіян, на планеце сваёй,

Але я застаўся без роднага неба,

Пад якім нарадзіўся і рос,

І не магу больш трываць,

не магу,

І жыву

Толькі марай адной,

Толькі марай:

Вярнуцца б

Да родных дажджынак і рос.

Людзі, я не ведаў, што цяжка так,

Нават не трапляючы ў касмічны палон,

Жыць і дыхаць без зямлі роднай,

Жыць, цяжка прагнучы родных слоў.

 

Беларусь,

Нічога не чую —

Толькі шуміць

Твой разгалісты клён,

Беларусь,

Толькі даходзіць да сэрца

Спеў

Тваіх вольных палёў.

На нью-йоркскіх тлумных, глухіх авеню

Як рыба, выкінутая на пясок,

Я зéваю ротам майго палкага смутку

І прашу, каб ты ратавала мяне.

Прышлі

Песню сваю,

Прышлі

Бяроз сваіх чысты сок

Ці хоць зайчык праменняў

прышлі,

Што гуляў

У маленстве

на маім акне.

 

Беларусь,

навечна

Ты адно толькі сонца на ўвесь сусвет,

Беларусь,

навечна

Ты бачышся, як зорка юнацкіх мар.

Ты стала самай любай

і самай нявыдуманай,

І ні з кім нельга цябе параўнаць.

Мне не сорам

Заплакаць —

Хай бачыць сусед,—

І сівога мяне,—

Хай зайздросціць сусед,—

Ты люляеш пяшчотна

У вандроўных снах.

 

Я з маленства песні твае ў сэрцы нёс

І спяваў табе песні сам.

Але толькі зараз адчуў,

як мала, як мала

Я разумеў,

што такое

Ты ўся для мяне.

Беларусь.

І лёс мой.

І мая кроў.

Беларусь.

І песня мая, і мая краса.

Беларусь.

Заўсёды.

Усюды.

І ў самай недасяжнай высі.

І на самым, на самым дне...

 

Снежань 1969,

Нью-Йорк


1972?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан