epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Бераг

Вяселіць дзень

нябёсаў просінь,

Гамоніць кут лясны, глухі.

Ты помніш? —

Так і мы пад восень

Калісь тут бралі арахі.

 

І мы смяяліся, дурэлі,

Гукалі рэха між ляшчын.

Тады і мы маўчаць не ўмелі

І знаць не зналі пра спачын.

 

І столькі ты дарыла спеваў

Узлескам, сонечнаму дню,

Нібы жадала

ў кожным дрэве

Напоўніць звонам цішыню.

 

Як я хацеў бы, каб і сёння

Твой голас быў тут не чужы,

Узрушваў

клёнавы, сасонны

Зялёны бераг на Сажы.

 

Зліваўся з водгуллем юнацтва,

Будзіў лятункам кут глухі.

І клікаў, клікаў —

не спыняцца,

Ісці ў далёкія шляхі.

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан