epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Бор

Па-над Сажом стаіць стагодні бор.

Яшчэ я змалку знаў, што столькі год

Знішчаў яго без літасці тапор

І секлі ліўні грозных непагод.

І я здзіўляўся часта, як ён мог

Праз век спрачацца з бурамі ў палёх.

 

Але йшчэ больш здзівіўся я, калі

Праз чвэртку веку з вогненных шляхоў

Паклон пакутнай бацькаўскай зямлі

Прынёс і родны бор угледзеў зноў.

Стаяў ён, гэткі ж хмуры, над Сажом

І сінню пакрываўся, як плашчом.

 

І я сказаў, зайздросны, што каб мне

Жыццё дало вось гэткі самы лёс,

Дык тыя песні, што я склаў вясне,

Жылі б вякамі і не чулі слёз.

Няслі б у свет яны красу сваю.

Дзівак,— я гэтак думаў, не таю.

 

Але калі прайшоў я ўшыр і ўдоўж

Па тым бары і ўбачыў, колькі ран

На кожнай хвоі,

Колькі спіць дубоў

Апошнім сном на выгарах палян,—

Я зразумеў, якое трэба мець

Імкненне жыць, каб вечна зелянець.

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан