epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Будзем помніць дыханне тужлівае..."

Будзем помніць дыханне тужлівае,

Васільковыя вочы самотныя,

Трапятлівыя ласкі гарачыя,

Несуцешлівы голас разгневаны.

 

Будзем помніць куткі запаветныя,

Сярод бору спатканні вячэрнія,

На світанках сцяжынкі жытнёвыя,

У расстанні ўспаміны трывожныя.

 

Будзем помніць хвіліны вясельныя,

Перамовы гармоніка з бубнамі,

Крыкі «горка» і позіркі чыстыя —

І дрыготкія вусны салодкія.

 

Будзем помніць...

Усё — і адзінае,

І заўсёды — бясконцае, вечнае...

З акіяна жыццёвае радасці —

У душы зіхатлівыя кропелькі...


1983?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан