epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Булавой па Пентагону

Захацеў у Пентогоне

Ваяўнічы афіцэр

Знаць, што робіцца сягоння

На прасторах СССР.

Захацеў, сказаў: — Так трэба!

— Гуд! — зацвердзіў прэзідэнт.

І рашылі з нашым небам

Распачаць эксперымент:

— Локхід-У,

Локхід-2

Хай ляціць

Аж за Масква!

Як рашылі, так зрабілі,

Далі тайнай справе ход,

Рознай дрэнню нагрузілі

Той шпіёнскі самалёт,

І аднекуль з Пешавара

Свайго выпусцілі пса,

І забраўся вышэй хмар ён,

Меней бачны, чым аса.

Маўляў, У,

Маўляў, 2,

Для яго

Ўсё трын-трава.

І ляцеў шпіён заморскі,

Апарацікі ўключаў,

Дзе ракеты ў нас, дзе войскі —

Ўсё на плёнках памячаў.

Ён ляцеў, чакаў за гэта

Ўзнагарод на цэлы год.

Ды не знаў, што ў нас ракета

Ужо ёсць і для яго.

Локхід-У,

Локхід-2,

Не хавайся,

Як сава!

Як заўсёды, абарона

Уся была ў нас начаку.

І заморскага шпіёна

Мы схапілі за руку.

Як ударыла ракета —

Пайшло рэха на ўвесь свет,

І пад смех усяго свету

Ўніз зваліўся прайдзісвет.

Локхід-У,

Локхід-2,

Пухне ў янкі

Галава!

Шпіка збілі мы па праву,

Ўсім вядомы наш закон!

І ад гэтакай праявы

Аж цямнее Пентагон.

Знае добра: больш не прыся

У савецкі агарод,

Бо куды ні падыміся,

Не закончыцца палёт...

Кожны-У,

Кожны-2

Стукне

Наша булава!

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан