epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Была вясна, хадзіла рэха..."

Была вясна, хадзіла рэха

Па волкіх сцежках берагоў,

Як быццам ранак зноў праехаў

З наборам бомаў між лугоў.

 

Ах, колькі дзіў жыло наўкола,

І так званіў світальны дым!

А я чакаў,

чакаў твой голас

Пачуць у водгаласе тым.

Чакаў: вось ты паклічаш чула...

Прайшлі гады... маўчаць званы..

 

Ды хоць і ўсё б жыццё мінула,

Я не пакіну той вясны!


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан