epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Былі ў блуканнях дні і ночы..."

Былі ў блуканнях дні і ночы,

Былі ў красе шляхі вясны.

Быў жаль: не тое дзесь прарочыў,

Быў боль: не тыя бачыў сны.

 

Было святло, была жалоба,

Была ўрачыстасць, быў спакой...

А ўсюды, скрозь,— і там, і побач,—

Жыў свет з бязмежнасцю людской.

 

Ішло жыццё — спявала, грала,

Тужыла, плакала, цвіло...

Скажы,— а так ці ж не бывала,

Што з ім цябе і не было?


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан