epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Быў такі заатэхнік

Аб кармленні па сеансах,

Аб авансах і балансах

Ён прамовы нам даваў.

А вось як парсюк паснедаў —

Заатэхнік наш не ведаў,

Бо на ферме не бываў.

 

Ён лічыў сябе культурным,

Бо пляваўся толькі ў урну

Ды смаркаўся ў насавік.

А дагледзець, каб каровы

Былі чысты ды здаровы —

Ён, «чысцёха», не прывык.

 

Што яму той луг ці сілас?

Не хацеў ён траціць сілы,

Каб мець сена лішні стог.

Ён стараўся не падбіцца,

Не змарыцца, не стаміцца,

Не зваліцца ад трывог.

 

Прыйдзе, сядзе ў кабінеце,

Паглядзіць — дзе што ў газеце:

Зводку доўгую складзе,

Лічбы-«дулі» пазлічае

І на гэтым дзень канчае,

І дамоў «бай-бай» ідзе.

 

Так цягнуў без хвалявання —

Ад світання да змяркання,

Ад змяркання да світання —

Ён сваё жыццё, як сон,

І не думаў: а ці мала,

А ці многа пападала

Малака ў нас у бітон.

 

Заатэхніка такога

Мы цярпелі... ды нямнога

Пабыло цярпенне ў нас.

Сход як склікала праўленне,

Дык адразу ж — у імгненне

Даў урок яму калгас:

 

— Ад цябе,— яму сказалі,—

Шчырай працы мы чакалі,

Ты ж хаваў у зводках нос.

Дык хутчэй жа, брат, прачніся

І ад крэсла адарвіся,

Да якога так прырос!

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан