epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Чайка

Белая-белая

Чайка побач бегае,

Крычыць, разрываецца...

Што з табою,

Чаіца?..

— Мусіць, хоча есці,

Згаладнела дзесьці,

Кінь вось ёй

скарыначку,—

Маці мне сказала...

Кінуў я скарыначку —

Чайка ціхай стала.

І ў адказ —

пярыначку

На пясок паклала...

 

Надышлі віхурныя

Сцюжы-снегапады...

Я прыйду са школы,

За стол з кнігай сяду...

Ды згадаю чаіцу,

Адчыняю скрыначку,

Дастаю бялюткую,

Лёгкую пярыначку...

Там, дзе даль далёкая,—

Мая чайка лётае,

Над тым самым морам,

Над валамі тымі,

Дзе так мару —

скора

Паслужыць Радзіме...

 

Чайка мая, чайка,

Лёгкая, як ветразь,

Беражы, прашу цябе,

Мне прастор абветраны,

Шлях марскі

ахоўвай мне

З хвалямі, з прыбоем,

Дзе заўсёды побач

Будзем мы з табою.

1986


1986

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан