epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Чакаюць..."

Чакаюць...

Яшчэ чакаюць, яшчэ чакаюць...

Мо прыйдзе сам, а мо хоць трохкутнік пісьма.

То люляюць, то ў шлях выпраўляюць —

у снах спамінаюць,—

То сустракаюць,—

не вераць,

не хочуць верыць,

што сыноў ужо не будзе, няма...

 

Ссутуленыя ў матуляў плечы —

як замшэлыя стогадовыя стрэхі.

Колькі над імі ў чаканні

перагарэла цяпла.

Надзея, надзея, надзея —

толькі і ўцехі.

Толькі і шчасця —

каб гэта надзея жыла.

 

Але, калі б нехта падумаў,

што ім таго шчасця так мала,

Але, калі б нехта надумаў

з іх клопат надзеі той зняць,—

Ні адна матуля

жыцця сабе іншага б не пажадала,

Ні адна матуля

не захацела б свой лёс памяняць.

 

І кожны з нас,

хто пад іхнім чаканнем вырас,

Хто бачыў штодзённа

іх адзіную ўцеху з уцех,—

Да самага скону

не забудзе самотнасці матчынай выраз

І будзе ўсюды імкнуцца —

вярнуцца

да матчыных стрэх...

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан