epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Чаканне

— Едуць!

Едуць хлопцы-салдаты з чужыны дамоў! —

Весняй песняй

навіна лунае па краю.

І, паплакаўшы, жонка паслала пісьмо,

І было ў ім адно толькі:

— Родны, чакаю!..

Ў кожнай хаце на стрэчу —

дымок бульбяны ад стала...

Ззяюць вочы жаноцкія

горкім і сонечным ззяннем...

Колькі клопату, колькі тугі і святла

Ў слёзным, апошнім, трывожным чаканні!

 

І бары, і палеткі,—

зямля ўся навокал, як ёсць,

Працавітых сыноў-аратаяў чакае.

Прыйдзе ў поле жаданы і радасны госць,

Кожны колас жывы

ад душы прывітае.

 

Скосіць травы ў лугах. Збожжа рупна збярэ.

Будзе песціць зямлю,

што ў баях азалела,—

На зіму працавіта і з радасцю

ўсю заарэ,

Зернем цёплым засее,

каб у вясну без канца зелянела...

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан