epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Чаканне

Яшчэ нядаўна

гусі — клін за клінам —

Крычалі штось з-пад воблакаў зямлі.

А сёння сэрцы поўняцца ўспамінам:

Яны былі!..

Яны плылі, плылі!..

 

Яны былі — і ў гэтым наша шчасце!

Ажно на вейкі слёзы набягуць.

Ды слёзы шчасця

і вачэй не засцяць

І сэрцу аніколі не салгуць.

 

Цяпер далёка, мусіць, птахаў бераг,

Ля цёплых рэк крыжуюцца сляды.

А нам да дзён вясны —

свяціцца верай:

Што ёсць яны

І вернуцца сюды.

 

Настане дзень —

удараць промні ў вокны,

Паўночным злым вятрам наперакор.

І зазвініць наш свет —

лагодны, цёплы —

Вясёлым клічам птахаў ад азёр.

 

Вяртання кліч! — Яго душа пазнае.—

Як труб гучанне — ў гулкіх галасах...

Жыве, жыве

крынічная, лясная

Зямлі нашай

адвечная краса!..

 

І мо пра гэты міг —

нядаўна, ўчора —

Крычалі гусі голасна з-пад хмар,

Журботна пакідаючы прасторы —

Азёрны край, захмураны абшар?

 

І, можа, вось таму падчас на вейках

Вясёлкай яркай слёзы зіхацяць?..

Прыслухаешся — ў небе голас нейкі

Няўжо яны?..

Няўжо назад ляцяць?!.

 

Няўжо, няўжо мінулася расстанне?.

Напружліва ўзіраешся ў блакіт...

З дрыготкім сэрцам,

з радасцю чакання

Стаіш пад капяжамі ля ракіт...

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан