epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Чаму доўга зязюлька кувае...

Чаму ў леце

Так доўга,

Так доўга,

Так трывожна

Зязюлька кувае?..

Мо таму,

Што дзяцей сваіх

Любых

Па ўсім краі

Нястомна шукае...

 

Па чужых,

Дзе яечкі вясною падкінула,

Дуплах

І гнёздах,

Па гаях,

Па барах,

Па дуброўных закутачках,

Схованках розных.

 

А кувае зязюлька

Чым далей —

Тым больш голасна,

Палка і звонка...

Каб запомнілі

Добранька

Дзеці,

Што яны

На зямлі —

Зязюлёнкі.

 

Ку-ку!

Ку-ку!.. —

Калі ж ёй, зязюльцы,

Спачнуць

У зялёных разлогах?..

А тады,

Калі ўсе яе дзеці

Адказаць ёй,

Назваць яе мамкаю

Змогуць...

 

Загучаць

Галасы

Зязюлёнкаў

Адусюль

Па ўсім сонечным

Краі...

Вось тады,

Супакоіўшы сэрца,

На год цэлы

Зязюлька змаўкае...

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан